Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),

расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.

Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац. маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).

Літ.:

Гольдштейн С.Н. И.Н.Крамской. М., 1965;

Порудоминский В.И. И.Н.Крамской. М., 1974;

Курочкина Т.И. И.Н.Крамской. М., 1980.

В.Я.Буйвал.

І.Крамской. Партрэт М.А.Някрасава. 1877.

т. 8, с. 447

КРАМУ́ШАЎКА,

рака ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 101 км². Пачынаецца каля в. Крываногава. Цячэ па паўн. схілах Навагрудскага ўзв., у ніжнім цячэнні па Нёманскай нізіне. Злева ўпадае р. Налібаўка.

т. 8, с. 447

КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,

ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).

Да арт. Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.

т. 8, с. 447

КРАМЯ́НІЦА,

вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог на Зэльву, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнЗ ад г.п. Зэльва, 92 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Лябяды. 158 ж., 75 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.

т. 8, с. 448

КРАМЯ́НІЦА-ДО́ЛЬНАЎСКІ ГЕО́РГІЕЎСКІ КАСЦЁЛ, Крамяніцкі Георгіеўскі касцёл,

помнік архітэктуры 17 ст. Пабудаваны ў 1617 у в. Крамяніца-Дольная (цяпер в. Крамяніца) Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. віцебскім кашталянам М.Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы 18 ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэйшы). Сцены ўмацаваны верт. контрфорсамі і прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Гал. фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. У інтэр’еры скульпт. мармуровае надмагілле фундатараў касцёла ў стылі рэнесансу і разны алтар 1-й пал. 17 ст. У нішы 2 гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні, яго жонкі Барбары ў манаскім уборы) адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Арх. аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Каля касцёла званіца 2-й пал. 18 ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус Крамяніцкага кляштара канонікаў латэранскіх.

А.К.Лявонава, А.А.Ярашэвіч.

Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.
Надмагілле Вольскіх у Крамяніца-Дольнаўскім Георгіеўскім касцёле.

т. 8, с. 448

КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.

Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.

А.А.Ярашэвіч.

т. 8, с. 448

КРАМЯНЧУ́Г,

горад на Украіне, раённы цэнтр у Палтаўскай вобл., на р Дняпро. Засн. ў 1571. 243 тыс. ж. (1997) Чыг. вузел. Рачны порт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (велікагрузныя аўтамабілі «АўтаКрАЗ», вагоны, сталеліцейная і інш. металургічная прадукцыя), нафтаперапр., буд. матэрыялаў, лёгкая, харч., медпрэпаратаў; вытв-сці маст. вырабаў. ГЭС. Музеі: гіст.-краязнаўчы, пед., мемарыяльны А.С.Макаранкі.

т. 8, с. 448

КРАМЯНЧУ́ГСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Дняпро, у Палтаўскай, Кіраваградскай і Чаркаскай абласцях Украіны. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1959—61. Пл. 2252 км², аб’ём 13,5 км³, даўж. 185 км, найб. шыр. 30 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню да 5,25 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, водазабеспячэння, рэкрэацыі. Суднаходства. На К.в. порт Чаркасы.

т. 8, с. 448

КРАМЯНЧУ́ГСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ,

на Украіне, у Палтаўскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Пл. 100 км². Выяўлена ў 1928. Уяўляе сабой паласу дакембрыйскіх метамарфічных парод крыварожскай серыі (шыр. 0,2—3,5 км, даўж. 45 км), найб. багатыя руды прымеркаваны да саксаганскай світы (магутнасць 1200—1300 м). У паўд. частцы К.м.а. разведаныя запасы жалезістых кварцытаў з колькасцю жалеза 32% — 4,5 млрд. т і багатых жал. руд з колькасцю жалеза 58,2% — 220 млн. т. Жал. руды магнетытавыя і кумінгтанітамагнетытавыя. Прамысл. эксплуатацыя з 1970. Здабыча адкрытым спосабам. Цэнтр здабычы — г. Камсамольск.

т. 8, с. 449

КРАН (галанд. kraan),

1) запорны клапан, у рухомай дэталі якога ёсць адтуліна для прапускання патоку вадкасці або газу. Бываюць прахадныя (з прамалінейным рухам патоку), вуглавыя (з адхіленнем патоку на 90°) і троххадовыя (з адвольным злучэннем трох трубаправодаў). К. наз. таксама трубаправодны вентыль.

2) Прыстасаванне, з дапамогай якога кіруюць пнеўматычнымі тармазамі поезда. Устанаўліваецца ў кабіне машыніста (у вагонах ёсць стоп-К.).

3) Агульная назва машын для падымання і пераносу грузаў на адлегласць вылету стралы або кансолі (гл. Пад’ёмны кран).

Прахадны кран з прамалінейным рухам вадкасці.

т. 8, с. 449