КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),

расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.

Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац. маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).

Літ.:

Гольдштейн С.Н. И.Н.Крамской. М., 1965;

Порудоминский В.И. И.Н.Крамской. М., 1974;

Курочкина Т.И. И.Н.Крамской. М., 1980.

В.Я.Буйвал.

І.Крамской. Партрэт М.А.Някрасава. 1877.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)