ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
В.У.Баранаў, А.П.Дастанка.
т. 4, с. 380
ВЯЛІ́КАЯ КАЛУ́МБІЯ
(La Gran Colombia),
Калумбія, федэратыўная рэспубліка на Пн Паўд. Амерыкі ў 1819—30. Утворана ў ходзе Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26. Уключала Новую Гранаду (сучасная Калумбія) і Венесуэлу (з 1819), Панаму (з 1821), Кіта (цяпер Эквадор; з 1822). Сталіца — г. Багата. Прэзідэнт рэспублікі — С.Балівар, віцэ-прэзідэнт — Ф.Сантандэр. Пасля распаду федэрацыі (1830) б. яе члены сталі незалежнымі рэспублікамі (акрамя Панамы, якая ўвайшла ў склад Новай Гранады).
т. 4, с. 380
ВЯЛІ́КАЯ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917.
т. 4, с. 380
«ВЯЛІ́КАЯ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,
зборнікі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі. Выдадзены ў 10кнігах (кожная пад сваёй назвай) у 1957—63 у Маскве на рус. мове Ін-там гісторыі АН СССР, Ін-там марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Гал. архіўным упраўленнем пры СМ СССР. 1-ы том прысвечаны рэв. руху ў Расіі пасля звяржэння манархіі (лют. 1917), 2-і — Красавіцкаму крызісу 1917, 3-і — Чэрвеньскаму крызісу 1917, 4-ы — Ліпеньскаму крызісу 1917, 5-ы — разгрому Карнілава мяцяжу 1917, 6-ы — рэв. руху ў Расіі ў вер. 1917, 7-ы — падрыхтоўцы ўзбр. паўстання ў кастр. 1917, 8-ы — Кастрычніцкаму ўзбр. паўстанню ў Петраградзе, 9-ы і 10-ы — устанаўленню сав. улады ў Расіі. Большасць дакументаў, якія асвятляюць рэв. падзеі канца 1917 — пач. 1918 на бел. землях, раней былі змешчаны ў зб-ках «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «З гісторыі ўстанаўлення Савецкай улады на Беларусі і ўтварэння БССР» (т. 4, 1954) і інш.
т. 4, с. 380
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
нізінная раўніна на У Азіі, у Кітаі. Пл. каля 325 тыс. км². Абмежавана на Пн гарамі Яньшань, на З хр. Тайханшань, на ПдЗ хр. Тунбайшань і Дабешань; на У працягнулася больш як на 1000 км уздоўж узбярэжжа Жоўтага і Усх.-Кітайскага мораў.
Паверхня плоская, выш. да 100 м. Складзена з магутнай тоўшчы алювіяльных адкладаў рэк. Клімат субтрапічны мусонны, з вільготным летам і сухой халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. 20 °C (у Прымор’і) і 28 °C (ва ўнутр. раёнах). Ападкаў за год 400—500 мм на Пн, 750—1000 мм на Пд. Раўніну перасякаюць рэкі Хуанхэ, Хуайхэ, Хайхэ; з Пн на Пд — Вялікі канал. Частыя паводкі. Самыя вял. азёры: Тайху, Хунцзэху, Вэйшаньху. Амаль уся тэр. ўзараная. Вырошчваюцца пшаніца, рыс, арахіс, проса, соя, бавоўнік. Адзін з самых населеных раёнаў свету; вял. гарады: Пекін, Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін.
т. 4, с. 380
ВЯЛІ́КАЯ КІТА́ЙСКАЯ СЦЯНА́,
крапасная сцяна ў Паўн. Кітаі ад г. Цзяюйгуань да ўзбярэжжа Ляадунскага заліва (г. Шаньхайгуань), помнік стараж. дойлідства. Пабудавана для абароны паўн.-зах. межаў Кітая ад нападу вандроўных плямён. Першыя ўчасткі змураваны ў 4 — пач. 3 ст. да н.э., суцэльная сцяна — у 3 ст. н.э. Даўж. 4—5 тыс. км, выш. 6,6 м (месцамі да 10 м). Уздоўж сцяны казематы і вежы для аховы, каля гал. горных праходаў — крэпасці. Захавалася значная частка. Уключана ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
т. 4, с. 380
ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА,
загалоўная літара, літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).
А.М.Булыка.
т. 4, с. 381
ВЯЛІ́КАЯ ЛЯБЁДКА,
рака ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Лебяды (бас. Нёмана). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 76 км². Пачынаецца каля в. Падгалішкі, цячэ па раўніннай мясцовасці, у сярэднім цячэнні месцамі па забалочанай пойме. Ад вытоку на працягу 12,1 км каналізаваная.
т. 4, с. 381
ВЯЛІ́КАЯ МАШЧАНІ́ЦА,
вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік, на аўтастрадзе Магілёў—Мінск. Цэнтр Машчаніцкага с/с і саўгаса. За 8 км на ПдЗ ад г.п. Бялынічы, 52 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Друць. 653 ж., 267 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 4, с. 381
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА
(лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
т. 4, с. 381