Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЦЫ́Т

(ад лац. Dacia Дакія),

магматычная горная парода, эфузіўны аналаг гранадыярытаў і кварцавых дыярытаў. Складзена з тонказярністай або шклістай асн. масы і ўкрапванняў плагіяклазу, кварцу, рагавой падманкі і інш. Структура парфіравая або афіравая. Колер светла-шэры, зеленавата-шэры, чырванаваты. Шчыльн. 2650 кг/м3. Д. вядомы ў вулканагенных тоўшчах усіх узростаў, асабліва ў кайназойскіх. Буд. матэрыял.

т. 6, с. 71

ДАЦЭ́НТ

[ад лац. docens (docentis) той, хто навучае],

вучонае званне і пасада выкладчыка вышэйшых навуч. устаноў шэрагу краін. У Рэспубліцы Беларусь прысвойваецца кандыдатам навук або высокакваліфікаваным спецыялістам без вучонай ступені, якія маюць пэўны стаж выкладчыцкай работы ў ВНУ, навук. працы, вынаходствы. У некаторых замежных краінах (Аўстрыі, Балгарыі, Швецыі і інш.) званне Д. прысвойваецца, як правіла, асобам, якія маюць вучоную ступень магістра.

т. 6, с. 71

ДА́ЧА,

1) дом у загараднай мясцовасці для летняга адпачынку гараджан.

2) Участак зямлі пад лесам, лясная дзялянка.

т. 6, с. 71

ДАШАНКО́Ў Віталій Міхайлавіч

(н. 23.7.1931, г. Арол, Расія),

бел. вучоны ў галіне акустаэлектронікі і тэхн. электрадынамікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Саратаўскі дзярж. ун-т (1954), там і працаваў. З 1974 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па вагальных і каналізавальных сістэмах ЗВЧ, звязаных сістэмах, перыядычных хваляводах. Распрацаваў новыя тыпы запавольвальных сістэм, тэлевізійныя фільтры на паверхневых акустычных хвалях, фільтры спец. прызначэння.

Тв.:

Измерение параметров замедляющих систем методом связанных линий. Ч. 1—3. Вопросы радиоэлектроники. Сер. 1. Электроника. 1968. № 9—11;

Субоптимальный метод синтеза фильтров на поверхностных акустических волнах // Радиоэлектроника. 1985. № 9. (разам з А.С.Рухленкам).

т. 6, с. 71

ДА́ШКАВА Кацярына Раманаўна

(28.3.1743, С.-Пецярбург — 16.1.1810),

дзеяч рус. культуры. Княгіня. Дачка графа Р.І.Варанцова (гл. ў арт. Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.Смітам, Д.Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб. АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т.л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).

Тв.:

Рус. пер. — Записки... М., 1987.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;

Письма сестер М и К.Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

К.Р.Дашкава. Партрэт Дз.Лявіцкага. 1780-я г.

т. 6, с. 71

ДА́ШКАЎКА,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).

Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.

Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).

т. 6, с. 71

ДАШКЕ́ВІЧ Вячаслаў Іосіфавіч

(н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

ДАШКЕ́ВІЧ Мікалай Паўлавіч

(16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),

украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад. Пецярб. АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т.л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 72

ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,

выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.

С.І.Палякевіч, А.В.Маслава.

т. 6, с. 72

ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,

галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.

К.А.Архіпава.

т. 6, с. 72