Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫ́ШЧАНКА Міхаіл Міхайлавіч

(н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.Равеля), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).

Л.І.Вішнеўская.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЧАНКА Пётр Лук’янавіч

(1.8.1921, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 21.2.1973),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1950), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943, лётчык-знішчальнік. Удзельнік Курскай бітвы (1943), вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі 1945. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Грышчанка правёў 78 паветр. баёў, збіў 27 варожых самалётаў і аэрастат. Да 1961 у ВПС Сав. Арміі.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН Іван Ціханавіч

(16.12.1901, в. Унукавічы Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1951),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. камандныя курсы (1922), пях. школу (1928), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1963). У Чырв. Арміі з 1920. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нач. штаба армій. Удзельнік Смаленскай, Бел., Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. 49-я армія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Магілёва, пры фарсіраванні Дняпра, Друці, Бярэзіны, у ліквідацыі мінскага «катла». Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН Ігар Мікалаевіч

(н. 19.4.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Акад. Бел. акадэміі мед. н. (1997). Д-р мед. н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Акадэмік і прэзідэнт Бел. акадэміі мед. н. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1973 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. кафедры і кіраўнік Рэсп. цэнтра клінічнай і эксперым. хірургіі). Навук. працы па хірургіі стрававода, крывяносных сасудаў, печані і жоўцевывадных шляхоў, падстраўнікавай залозы, эндакрыннай сістэмы, хірург. гастраэнтэралогіі і практалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1993.

Тв.:

Клиническая ангиология и ангиохирургия. Т. 1—2. Мн., 1980—81 (разам з А.М.Саўчанкам);

Разрывы аневризм брюшной аорты и их лечение. Мн., 1987 (разам з І.А.Давідоўскім, М.П.Бацяном);

Холецистэктомия. Мн., 1989.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН Сяргей Уладзіміравіч

(18.3.1917, в. Фаміно Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 25.6.1994, адзін з кіраўнікоў партыз. барацьбы на Смаленшчыне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. ваен. н. (1964). Скончыў Дарагабужскае пед. вучылішча (1935),

ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947) і Генштаба (1955). З 1939 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце, камандзір танк. ўзвода. З чэрв. 1942 камандзір партыз. палка (з чэрв. 1944 злучэння) «Трынаццаць», які з крас. 1943 дзейнічаў на тэр. Беларусі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах, у 1955—58 нач. аддзела штаба арміі.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН Яўген Раманавіч

(н. 23.3.1931, г. Тула, Расія),

расійскі спартсмен (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту (1952). Засл. трэнер СССР (1972). Скончыў Смаленскі ін-т фіз. культуры (1965). Алімпійскі чэмпіён на дыстанцыях 500 і 1500 м (1956, 1960). Абсалютны чэмпіён Еўропы (1956). 10-разовы чэмпіён СССР на дыстанцыях 500 і 1500 м. У 1955—68 шматразовы рэкардсмен свету на дыстанцыях 500, 1000 і 1500 м.

т. 5, с. 488

ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.

т. 5, с. 488

ГРЭ́БЛЯ,

гаць, шлях, пракладзены ў балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі цераз ручаіны і рэкі. Аснову найпрасцейшай грэблі складаў насціл з галля. На балоцістых мясцінах грэблю часцей будавалі зімой. Вясной многія грэблі затапляліся і размываліся, іх даводзілася аднаўляць. Адыгрывалі важную ролю ў гасп. жыцці ВКЛ. Патрабавалі вял. ўвагі, асабліва ў час інтэнсіўнага руху гасп. грузаў і перамяшчэння войск. З усталяваннем індустр. формаў дарожнага буд-ва і меліярацыі грэблі страцілі практычнае значэнне.

т. 5, с. 488

ГРЭ́БНЕЎ Андрэй Феакціставіч

(30.11.1912, пас. Пакацілаўка Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 20.10.1973),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1941), удасканалення афіцэрскага саставу (1947), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1956). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1, 2, 3-м Бел. франтах. Стралк. полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў баях на ПдУ ад в. Задруцце Рагачоўскага р-на, за вызваленне Баранавіч, Слоніма, Ваўкавыска. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 488

ГРЭ́БНІК,

грабеннік (Cynosurus), род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (С. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 489