ГРЫШКО́ Міхаіл Сцяпанавіч

(27.2.1901, г. Марыупаль, Украіна — 3.6.1973),

украінскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1926). З 1927 саліст Харкаўскага, у 1936—64 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Адзін з буйнейшых майстроў укр. опернай сцэны. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і сілы. Сярод партый: Багдан Хмяльніцкі (аднайм. опера К.Данькевіча), Шыбок, Гарбенка («Мілана», «Арсенал» Г.Майбарады), Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мазепа («Мазепа» П.Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.Вердзі). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)