Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДА́ЎЭСА ПЛАН,

план забеспячэння выплаты рэпарацый Германіяй, устаноўлены для яе дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытанія, Францыя пасля 1-й сусв. вайны). Распрацаваны ў 1923—24 міжнар. к-там экспертаў на чале з Ч.Даўэсам (адсюль назва). Зацверджаны 16.8.1924 на спец. канферэнцыі ў Лондане. Прадугледжваў выдаткаванне Германіі пазыкі ў памеры 200 млн. дол. (у т.л. 110 млн. банкамі ЗША) для стабілізацыі яе валюты (маркі), устанаўленне кантролю саюзных дзяржаў над герм. дзярж. бюджэтам, грашовым абарачэннем, крэдытам і чыгункамі, вызначыў памеры плацяжоў Германіяй у першыя 5 гадоў па 1—1,75 млрд. марак у год, потым па 2,5 млрд. марак у год. Прыняцце Д.п. садзейнічала паскарэнню вываду франц. і бельг. войск з Рура пасля рурскага канфлікту 1922—23, павелічэнню замежных інвестыцый у эканоміку Германіі і, як вынік, аднаўленню герм. эканам. патэнцыялу. У 1930 заменены Юнга планам.

т. 6, с. 68

ДАФАМІ́Н,

3,4-дыоксіфенілэтыламін, медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.

т. 6, с. 68

ДАФІ́Н

(франц. dauphin),

з 12 ст. тытул феад. уладальнікаў графстваў Аверні і В’енуа (пазней Дафінэ). Пасля далучэння тэр. Дафінэ да ўладанняў франц. караля (сярэдзіна 14 ст.) Д. — тытул наследніка франц. прастола. Адменены ў 1830.

т. 6, с. 68

ДАФІНЭ́

(Dauphiné),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПдУ Францыі, гал. ч. у Альпах і ў даліне р. Рона. Уключае дэпартаменты Ізер, Дром, Верхнія Альпы. Пл. 20,4 тыс. км2. Нас. каля 1,5 млн. чал. (1994). Гал. горад — Грэнобль. Рэльеф пераважна горны. Клімат умераны, вільготны, у гарах халодны. Ападкаў каля 900 мм за год. На базе гідраэнергетыкі (ГЭС на Роне і Ізеры) развіты электрахімія і электраметалургія. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая (цэнтр Грэнобль і Валанс); цэнтр атамнай прам-сці — г. П’ерлат. Пасевы збожжавых, вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, пераважна ў далінах. У гарах малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля. Турызм і горны спорт.

т. 6, с. 68

Дафі Браян

т. 18, кн. 1, с. 377

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.Пусэна, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Шутца, А.Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),

род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).

Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.

Л.В.Кірыленка.

Дафнія звычайная.

т. 6, с. 68

ДА́ФНІС,

у грэчаскай міфалогіі сіцылійскі пастух незвычайнай прыгажосці, стваральнік пастухоўскіх песень. Лічыўся сынам Гермеса і німфы. Паводле адных міфаў, памёр ад безнадзейнага кахання, паводле другіх — быў аслеплены закаханай німфай за здраду і ў адчаі кінуўся са скалы ў мора. Міф пра Д. выкарыстоўваўся ў ант. л-ры (Феакрыт, Вергілій, Лонг) і ў букалічнай паэзіі 17—18 ст.

ДАХ

(ням. Dach праз польск. dach),

канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.

С.А.Сергачоў.

т. 6, с. 69

ДА́ХАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.

Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.

т. 6, с. 69