Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́КІЯ,

ксерафітныя міжземнаморскія хмызнякі; тое, што маквіс.

т. 9, с. 537

МАКІЯВЕ́ЛІ ((Machiavelli) Нікало ды Бернарда) (3.5.1469, г. Фларэнцыя, Італія — 22.6.1527),

італьянскі мысліцель, дзярж. і паліт. дзеяч, гісторык, пісьменнік, ваенны тэарэтык. У 1498—1512 сакратар Савета дзесяці Фларэнтыйскіх рэспублік, выконваў дыпламат. даручэнні. Асн. працы «Гасудар» (1513), «Разважанні на першую дэкаду Ціта Лівія» (1531), «Гісторыя Фларэнцыі» (1532). Аснова яго светапогляду — палажэнне аб спрадвечнай недасканаласці чалавечай прыроды, што абумоўлівае неабходнасць дзярж. улады. Дзяржава, паводле М., з’яўляецца не актам Бога ці суб’ектыўнай волі людзей, а вынікам аб’ектыўнага гіст. працэсу; з вопыту гісторыі трэба выкарыстоўваць ўсё тое, што спрыяе зберажэнню і ўмацаванню дзяржавы. Дзярж. ўлада павінна быць цвёрдай і рашучай; аўтарытэт дзяржавы непадзельны і канцэнтруецца ў руках улады. Т.ч., М. падышоў да разумення дзярж. суверэнітэту. У той жа час дзяржава павінна клапаціцца і аб грамадзянах, весці барацьбу са злачыннасцю, забяспечваць парадак у краіне, умацоўваць яе пазіцыі ў міжнар. адносінах. Паліт. ідэалам М. была стараж. Рымская рэспубліка. У яго творах праводзіцца паралель паміж моцнай рэсп. дзяржавай у Рыме і паліт. раздробленасцю Італіі. Дзеля ўмацавання дзяржавы М. лічыў дапушчальнымі любыя сродкі (гл. Макіявелізм).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. М., 1982;

История Флоренции. М., 1987;

Государь. Рассуждения о первой декаде Тита Ливия. О военном искусстве. М., 1997.

Літ.:

Жизнь Николо Макиавелли: Сб.: Пер. с англ. СПб., 1993;

Бурлацкий Ф.М. Загадка и урок Макиавелли: Драматург., ист. и социол. новеллы. М., 1977.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 537

МАКІЯВЕЛІ́ЗМ,

філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.​Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».

Літ.:

Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 537

МАКІЯ́Ж (ад франц. maquillage),

1) грыміраванне твару з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі. Гл. таксама Грым. 2) Прыхарошванне, замазванне фактаў і да т.п.; скажэнне праўды (напр., палітычны М.).

т. 9, с. 538

МАКЛЕ́АД ((Macleod) Джон Джэймс Рыкард) (6.9.1876, Клюні, Вялікабрытанія — 16.3.1935),

англійскі фізіёлаг. Вучыўся ва ун-тах г. Абердзін і г. Лейпцыг (Германія). У 1903—18 у ЗША; з 1918 праф. ун-та г. Таронта (Канада). Вывучаў функцыі дыхальнага цэнтра мозга, эксперым. гліказурыю, утварэнне малочнай к-ты, колькасць цукру ў крыві. Адкрыў інсулін (разам з Ф.Г.Бантынгам і Ч.​Г.​Бестам), распрацаваў метад яго выкарыстання для лячэння цукр. дыябету. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Бантынгам).

Дж.Маклеад.

т. 9, с. 538

МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),

1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.

т. 9, с. 538

МАКЛО́РЭНА ШЭ́РАГ,

ступеневы шэраг, у які ў наваколлі нуля раскладаецца аналітычная функцыя; асобны выпадак Тэйлара шэрагу. Вывучаўся шатл. матэматыкам К.​Маклорэнам (1742).

т. 9, с. 538

МАКЛЯЦО́ВА (Наталля Мікалаеўна) (8.10.1909, в. Мсціслаўская Слабодка Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 13.8.1993),

бел. архітэктар. Канд. тэхн. н. (1954). Скончыла Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1931). З 1931 працавала ў ін-тах «Белдзяржпраекг», «Белпрампраект» (у 1944—48 гал. архітэктар), адначасова выкладала ў БПІ (1938—41, 1945—75). Асн. работы: Мінскі жылы дом спецыялістаў, 8-павярховы дом на пл. Я.​Коласа (1957, у сааўт.) і рэканструкцыя гал. корпуса БПІ (1937) у Мінску; жылыя дамы (1936) па вул. Першамайскай у Гомелі, тыпавы праект 24-кватэрнага дома (у 1932—38 пабудаваны ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Барысаве і інш.). Навук. працы па тэарэт. метадалагічных асновах праектавання жылых будынкаў.

Тв.:

Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);

Основы проектирования жилых зданий. Мн., 1960 (у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 538

МАКМІ́ЛАН ((Macmillan) Гаральд) (10.2. 1894, Лондан — 29.12.1986),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це. Паліт. дзейнасць пачаў у 1924 як дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У 1940—45 займаў шэраг пасад ва ўрадзе У.Чэрчыля. З 1951 на міністэрскіх пасадах у кансерватыўных урадах Чэрчыля і Э.Ідэна, у т. л. міністр абароны (1954—55), замежных спраў (1955), фінансаў (1955—57). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1957—63. Пры ім Вялікабрытанія дала незалежнасць Гане (1957), Нігерыі, Кіпру (1960), Ямайцы (1962), інш. краінам і тэрыторыям, падпісала дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963. Саўладальнік выд-ва «Макмілан паблішэрз». Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1966—73).

т. 9, с. 538

МАКМІ́ЛАН, Мак Мілан (Mac Millan) Кенет (11.12.1929, г. Данфермлін, Вялікабрытанія — 1992), англійскі артыст балета і балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе трупы «Сэдлерс Уэлсбале» (Лондан). У 1946—48 саліст гэтай трупы. З 1950-х г. балетмайстар, у т. л. ў Штутгарцкім балеце, Амер. т-ры балета (Нью-Йорк), Ням. гар. оперы (Зах. Берлін, 1966—69). У 1970—77 дырэктар, з 1977 маст. кіраўнік Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. Паставіў балеты «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1965) і «Манон» на муз. Ж.​Маснэ (1974), якія ў яго пастаноўцы ідуць на многіх сцэнах свету. З інш. пастановак: «Канцэртныя танцы» (на муз.), «Агон», «Пацалунак феі» і «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага, «Трыяда» на муз. Пракоф’ева, «Поры года» на муз. Дж.​Вердзі, «Гларыяна» на муз. Б.​Брытэна, «Сфінкс» Д.​Міё, «Маерлінг» на муз. Ф.​Ліста, «Канец дня» на муз. М.​Равеля.

т. 9, с. 539