МАКМІ́ЛАН ((Macmillan) Гаральд) (10.2. 1894, Лондан — 29.12.1986),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це. Паліт. дзейнасць пачаў у 1924 як дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У 1940—45 займаў шэраг пасад ва ўрадзе У.Чэрчыля. З 1951 на міністэрскіх пасадах у кансерватыўных урадах Чэрчыля і Э.Ідэна, у т.л. міністр абароны (1954—55), замежных спраў (1955), фінансаў (1955—57). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1957—63. Пры ім Вялікабрытанія дала незалежнасць Гане (1957), Нігерыі, Кіпру (1960), Ямайцы (1962), інш. краінам і тэрыторыям, падпісала дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963. Саўладальнік выд-ва «Макмілан паблішэрз». Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1966—73).

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)