Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Александэр) (1764, г. Інвернес, Вяліка́брытанія — 12.3.1820),

англійскі купец-падарожнік, агент канадскай Паўн.-Зах. (футравай) кампаніі. У 1788 заснаваў на воз. Атабаска гандл. факторыю. У 1789 спусціўся па р. Нявольніцкая, даследаваў Вял. Нявольніцкае воз., адкрыў (ад вытоку да дэльты) р. Макензі, горы Макензі і Франклін. У 1792—93 перасек Паўн. Амерыку з У на 3, ад зал. Св. Лаўрэнція да зал. Каралевы Шарлоты, прасачыў цячэнне р. Піс, перасек Скалістыя горы і Берагавы хр., адкрыў паміж імі Унутранае плато з верхнім участкам р. Фрэйзер. У 1793—94, вяртаючыся тым жа шляхам на У, паўторна перасек мацярык.

т. 9, с. 536

МАКЕ́НЗІ ((Mackenzie) Уільям Лаян) (12.3.1795, г. Данды, Вялікабрытанія — 29.8.1861),

канадскі паліт. дзеяч, публіцыст. З 1820 у Канадзе. З 1824 выдаваў тут газ. «Colonial Advocate» («Каланіяльны абаронца»), у якой крытыкаваў брыт. калан. рэжым, выступаў за правядзенне дэмакр. рэформ. У 1828—36 чл. парламента, з 1834 мэр г. Таронта. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў «Канадскага саюза» (засн. ў 1834). Узначальваў антыбрыт. паўстанне 1837—38 у Верхняй Канадзе; пасля яго паражэння жыў у ЗША (да 1850). У 1851—58 чл. Заканад. асамблеі прав. (калоніі) Канада.

т. 9, с. 536

МАКЕ́НЗІ КІНГ ((Mackenzie King) Уільям Лаян) (17.12.1874, г. Кітчэнер, Канада — 22.7.1950),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1909—11 міністр працы. У 1919—48 лідэр Ліберальнай партыі. У 1921—26, 1926—30 і 1935-48 прэм’ер-міністр Канады. У 2-ю сусв. вайну праводзіў курс на супрацоўніцтва Канады з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны — на ажыццяўленне сац. рэформ у краіне, умацаванне яе міжнар. прэстыжу (у 1945 Канада была адной з дзяржаў-заснавальніц ААН) і адзінства кан. нацыі (у 1946 прыняты закон аб кан. грамадзянстве).

т. 9, с. 536

МАКЕ́Т (франц. maquette ад італьян. macchietta накід) у архітэктуры, аб’ёмна-прасторавае адлюстраванне будынка, арх. ансамбля, горада, якія будуюцца ці праектуюцца. Выконваецца з паперы, кардону, дрэва, пластмасы, гіпсу і інш. матэрыялаў у розных маштабах. Узнаўляе арыгінал ва ўсіх дэталях (наз. мадэллю) або набліжаны да яго. Служыць для праверкі і ўдасканалення арх. кампазіцыі. М. як адзін з метадаў распрацоўкі арх. праекта вядомы са старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18—19 ст. Выкарыстоўваецца пры праектаванні ці рэканструкцыі асобных жылых і грамадскіх будынкаў, забудовы вуліц, плошчаў, мікрараёнаў, генпланаў комплексаў, гарадоў. Макетны метад найб. пашыраны ў конкурсным праектаванні і ў навуч. працэсе пры падрыхтоўцы арх. кадраў. З’яўляецца таксама важным элементам экспазіцыі музеяў.

В.Б.Ангелаў.

т. 9, с. 536

МАКЕ́Т у паліграфіі,

1) папяровыя лісты ў фармаце будучага выдання з расклеенымі адбіткамі гранак тэксту і ілюстрацый. Да іх дадаюцца ўказанні па правядзенні вёрсткі.

2) Пробны экзэмпляр кнігі, часопіса і г.д., параметры якіх (фармат, аб’ём, пераплётная накрыўка, папера) адпавядаюць экзэмплярам тыражу.

3) Эскізны праект маст. афармлення выдання.

Макет горадабудаўнічага вузла «Праспект Ф.Скарыны — вуліца Русіянава» ў Мінску.

т. 9, с. 537

МАКІ́ (ад франц. maquis зараснікі вечназялёнага калючага цяжкапраходнага кустоўя),

адна з назваў франц. партызан, якія ў час 2-й сусв. вайны ў 1940—44 дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупантаў; састаўная частка Руху Супраціўлення Францыі. Базіраваліся пераважна ў лясах і горных раёнах. У некаторых атрадах М. змагаліся сав. ваеннапалонныя, што ўцяклі з ням. канцлагераў.

т. 9, с. 537

МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),

адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Пальскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.

Літ.:

Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;

Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.

Н.Г.Панааок.

т. 9, с. 537

МАКІЁНАК (Іван Андрэевіч) (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р. Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.

І.А.Макіёнак.

т. 9, с. 537

МА́КІНТАШ ((Mackintosh) Чарлз Рэні) (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),

шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.

т. 9, с. 537

МА́КІЯ,

ксерафітныя міжземнаморскія хмызнякі; тое, што маквіс.

т. 9, с. 537