МАКЕ́Т (франц. maquette ад італьян. macchietta накід) у архітэктуры, аб’ёмна-прасторавае адлюстраванне будынка, арх. ансамбля, горада, якія будуюцца ці праектуюцца. Выконваецца з паперы, кардону, дрэва, пластмасы, гіпсу і інш. матэрыялаў у розных маштабах. Узнаўляе арыгінал ва ўсіх дэталях (наз. мадэллю) або набліжаны да яго. Служыць для праверкі і ўдасканалення арх. кампазіцыі. М. як адзін з метадаў распрацоўкі арх. праекта вядомы са старажытнасці. На Беларусі пашыраны ў 18—19 ст. Выкарыстоўваецца пры праектаванні ці рэканструкцыі асобных жылых і грамадскіх будынкаў, забудовы вуліц, плошчаў, мікрараёнаў, генпланаў комплексаў, гарадоў. Макетны метад найб. пашыраны ў конкурсным праектаванні і ў навуч. працэсе пры падрыхтоўцы арх. кадраў. З’яўляецца таксама важным элементам экспазіцыі музеяў.

В.Б.Ангелаў.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)