Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭВАКА́ЦЫЯ (лац. revocatio адкліканне),

скасаванне пэўнага распараджэння ці даручэння; таксама заява чэкадаўца або скасаванні раней выдадзенага чэка.

т. 13, с. 538

РЭВАЛЬВА́ЦЫЯ (ад рэ... + вальвацыя),

павышэнне курсу валюты адной краіны ў адносінах да курсу валюты інш. краіны або шэрагу дзяржаў. Ажыццяўляецца ва ўмовах стабілізацыі ўнутр. грашовага абарачэння, дадатковага сальда плацежнага балансу дзяржавы пасля пераадолення інфляцыі. Супрацьлеглае паняцце дэвальвацыі. Гл. таксама Валютны курс.

т. 13, с. 538

РЭВАЛЬВЕ́Р (англ. revolver ад revolve вярцецца),

індывідуальная многазарадная наразная агнястрэльная зброя з вярчальным барабанам (патроннікам-магазінам). Прызначаны для паражэння жывых цэляў на адлегласці да 100 м. Ёмістасць барабана 6—7 патронаў, калібр 7,62—11,56 мм, скарастрэльнасць 6—7 выстралаў за 15—20 с.

З’явіўся ў 16 ст., пашырыўся як наразны з 1830-х г. У рас. арміі на ўзбраенні былі Р. сістэмы Сміта—Весана, з канца 19 ст. — сістэмы Нагана ўзору 1895 (гл. Наган), якія былі на ўзбраенні і ў Сав. Арміі. У 1-й пал. 20 ст. паступова заменены самазараднымі пісталетамі.

Рэвальверы: 1 — чатырохзарадны Колера з ударнакрамянёвым замком (пач 19 ст., Вялікабрытанія); 2 — капсульны Марыета з вярчальнай звязкай з 4 ствалоў (1830-я г., Бельгія); 3 — шпілечны 12-зарадны Лефашэ (2-я пал. 19 ст., Бельгія); 4 — Бамонта—Адамса падвойнага дзеяння (1856, Вялікабрытанія); 5 — грамадзянскі «Бульдог» 5—6-зарадны (канец 19 — пач. 20 ст., у розных краінах); 6 — сямізарадны «Стралец» (пач. 20 ст., Расія); 7 — шасцізарадны (1960, Чэхаславакія).

т. 13, с. 538

РЭВАЛЬВЕ́РНЫ СТАНО́К, такарна-рэвальверны станок,

металарэзны станок такарнай групы з паваротным прыстасаваннем (рэвальвернай галоўкай) для ўстаноўкі і замацавання пааперацыйных камплектаў інструменту. Выкарыстоўваецца для шматінструментальнай апрацоўкі складаных паверхняў дэталей з прутковага матэрыялу (прутковыя Р.с.) і штучных загатовак (патронныя Р.с.). На Р.с. выконваюць аперацыі тачэння, расточвання, свідравання, зенкеравання, рассвідроўвання і інш. Выкарыстоўваюцца таксама рэвальверныя паўаўтаматы (патронныя Р.с. з лікавым праграмным кіраваннем).

т. 13, с. 538

РЭВАЛЮ́ЦЫІ ПІК,

самая высокая вяршыня Язгулемскага хрыбта, на Паміры, у Таджыкістане. Выш. 6974 м. Ледавікі (Грум-Гржымайла і інш.). Паўн.-зах. схіл знаходзіцца насупраць ледавіка Федчанкі, паўд. стромка абрываецца да даліны р. Бартанг.

т. 13, с. 538

РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,

«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл. Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала змена паліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.

Літ.:

Революции 1848—1849 гг. Т. 1—2. М., 1952;

Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.

т. 13, с. 538

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў БЕЛАРУ́СІ (РАМБ),

творчае аб’яднанне ў 1929—32 у Мінску. Засн. групай моладзі, якая выйшла з Усебел, аб’яднання мастакоў: М.​Аксельрод, І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, П.​Гаўрыленка, М.​Горшман, А.​Грубэ (старшыня;, А.​Забораў, Л.​Зевін, А.​Кастэлянскі і інш. Мела Мінскі, Віцебскі і Маскоўскі філіялы. Ставіла за мэту ўвасабленне ў мастацтве сав. сучаснасці на аснове новай фармальна-творчай мовы, не прымала стылізатарства, эстэцтва, перапеваў даўніны. У ліст. 1931 арганізавала 4-ю Усебел, маст. выстаўку ў Мінску. Дзейнасць членаў РАМБ рэзка крытыкавалася на Усебел, канферэнцыі мастакоў за «скатванне на рэльсы буржуазнага мастацтва» і «недаацэнку рэаліст. традыцый». Распушчана ў адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932.

Літ.:

Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940. С. 140—141;

Орлова МА. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960. С. 69—70.

т. 13, с. 539

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,

абставіны ў грамадстве (крызіс правячых вярхоў, надзвычайнае абвастрэнне сац.-эканам. сітуацыі, усплёск масавай паліт. актыўнасці), якія служаць паказчыкам спеласці сац.-паліт. умоў для рэвалюцыі сацыяльнай. Праходзіць шэраг стадый, ад яўных прыкмет масавага браджэння і незадаволенасці да агульнанац. крызісу, які перарастае ў рэвалюцыю; у яе развіцці найважн. ролю набывае суб’ектыўны фактар, г.зн. здольнасць і гатоўнасць рэв. класаў ці сац. груп ажыццявіць наспелыя пераўтварэнні. Не кожная Р.с. перарастае ў рэвалюцыю, але і спробы скінуць уладу пануючых класаў (сац. груп) пры адсутнасці Р.с. заканчваюцца няўдачай.

т. 13, с. 539

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ ДЭМАКРА́ТЫ,

у Расіі прадстаўнікі рэв. руху, ідэолагі сял. дэмакратыі. Іх ідэалогія зарадзілася ў 1840-я г. і стала вызначальнай у грамадскім руху 1860—70-х г. Паводле сац. становішча Р.д. — гал. чынам разначынцы, хоць сярод іх былі і дваране. Адзін з першых Р.д. — В.Р.Бялінскі. У 1850—60-я г. Р.д. на чале з М Г.Чарнышэўскім, М.А.Дабралюбавым, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і інш. прапагандавалі свае ідэі на старонках час. «Современник» і «Колокол». Р.д. спалучалі ідэю сял. рэвалюцыі з ідэямі утапічнага сацыялізму; сялянства яны разглядалі як гал. рэв. сілу ў краіне; меркавалі, што Расія пасля знішчэння прыгоннага права шляхам сял. рэвалюцыі, мінаючы капіталізм, прыйдзе праз сял. абшчыну да сацыялізму. Р.д. стварылі тайныя рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г., «Зямля і воля» 1870-х г. і інш. (гл. Народніцтва), Рас. сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры сваімі папярэднікамі лічылі Р.д.

На Беларусі Р.д. — прадстаўнікі радыкальнага кірунку ў нац.-вызв. руху, сац.-філас, думцы, маст. л-ры і публіцыстыцы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Цётка, Я.Купала, Я.Колас і інш.). Іх ідэалогія адлюстроўвала істотныя тэндэнцыі працэсу фарміравання бел. нацыі і нац. культуры, стала яскравым сведчаннем развіцця нац. самасвядомасці беларусаў. Іх светапогляд фарміраваўся пад уплывам рас. Р.д. і народніцтва, а таксама польскага нац.-вызв. руху. Станаўленне рэв.-дэмакр, ідэй у грамадскай думцы Беларусі пачалося ў 1830—40-я г. (Ф.Савіч, Ю.Бакшанскі). Як самаст, ідэалаг, плынь аформіліся ў перыяд паўстання 1863—64, што было звязана з дзейнасцю Каліноўскага і яго прыхільнікаў. Найб. поўна дэмакр.-вызв. тэндэнцыі адлюстраваны ў пач. 20 ст. ў творчасці Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа, дзейнасці публіцыстаў бел. друку. Р.д. змагаліся за карэннае пераўтварэнне грамадскага ладу ў інтарэсах прац. мас шляхам сял. рэвалюцыі. Яны выступалі ад імя ўсяго народа, але былі выразнікамі пераважна інтарэсаў прац. сялянства. Аснову грамадскай паэзіі Р.д. складалі ідэі гіст. прадвызначэння прац. народа, тэндэнцыі наіўна-ўраўняльнага сял. сацыялізму, рашучае адмаўленне бурж.-памешчыцкага ладу. Іх грамадска-паліт. праграма ўключала патрабаванні ліквідацыі самадзяржаўя, дэмакратызацыі грамадскага жыцця, скасавання памешчыцкага землеўладання, надзялення сялян зямлёй, свабоднага развіцця нац. культуры. Ідэалы Р.д. ў пэўнай ступені ўвайшлі ў ідэалогію бел. паліт. партый левага кірунку пач. 20 ст.: Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.

Літ.:

Майхрович А.С. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

А.​С.​Майхровіч (рэв. дэмакраты ў Беларусі).

т. 13, с. 539

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, рэўком,

часовы надзвычайны орган сав. улады ў Расіі і інш. сав. рэспубліках у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 (пераважна ў 1918—20). Рэсп., губ., пав., валасныя і сельскія рэўкомы ствараліся ў раёнах, адкуль былі выгнаны белагвардзейцы і інтэрвенты, у прыфрантавой паласе, а пры неабходнасці (пагроза антыбальшавіцкіх паўстанняў і інш.) і ў некат. тылавых раёнах. Р.к. вызваленых раёнаў і прыфрантавой паласы засяроджвалі ў сваіх руках усю паўнату ўлады. Пасля ўмацавання бальшавіцкай улады яны падрыхтоўвалі выбары ў Саветы і перадавалі ўладу выбраным выканкомам і рэсп. ЦВК. Р.к. тылавых раёнаў звычайна дзейнічалі адначасова з выканкомамі Саветаў і займаліся толькі пытаннямі абароны і падтрымання «рэв. парадку». У 1920—25 рэўкомы яшчэ захоўваліся ў Сібіры, на Д.​Усходзе і ў асобных раёнах Сярэдняй Азіі.

Літ.:

Петриков П.Т. Ревкомы Белоруссии. Мн., 1975.

т. 13, с. 539