ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,
асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.
Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.
Літ.:
Правила дорожного движения. Мн., 1998.
Дз.Дз.Селюкоў.
т. 12, с. 528
ПРА́ВІЛЫ ЎНУ́ТРАНАГА ПРАЦО́ЎНАГА РАСПАРА́ДКУ.
На Беларусі рэгламентуюцца Тыпавымі П.ў.п.р. (зацверджаны пастановай Дзярж. к-та па працы і сац. абароне насельніцтва 19.5.1994). Складаюцца з 7 раздзелаў. Уключаюць паняцці ўнутр. прац. распарадку, рэгламентуюць парадак прыняцця галіновых і мясц. правіл, вызначаюць правы і абавязкі наймальніка і інш. службовых асоб, парадак прыёму і звальнення работнікаў, абавязкі работнікаў і наймальніка, рабочы час і яго выкарыстанне, меры заахвочвання, адказнасць за парушэнне прац. дысцыпліны. На аснове прац. заканадаўства і Тыпавых правіл мін-вы, дзярж. к-ты і ведамствы з удзелам галіновых прафсаюзаў могуць распрацоўваць і зацвярджаць галіновыя правілы. Пры адсутнасці мясцовых дзейнічаюць галіновыя або Тыпавыя П.ў.п.р. У асобных галінах нар. гаспадаркі (напр., транспарт, авіяцыя) унутр. прац. распарадак рэгулюецца статутамі або палажэннямі аб дысцыпліне.
Г.А.Маслыка.
т. 12, с. 528
ПРАВІ́НЦЫЯ (лац provincia),
1) падуладныя Рымскай дзяржаве вобласці паза межамі Італіі, якія былі пазбаўлены самастойнасці і кіраваліся рым. намеснікамі.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 18 ст. Першыя П. ўтвораны Пятром I у 1711 як адзінкі, на якія падзяляліся губерні; у сваю чаргу П. падзялялася на паветы. Паводле закону 1719 П. ўсталяваны ва ўсёй дзяржаве. Напачатку існавала 45 П., потым іх колькасць павялічылася да 66. Скасаваны паводле «Устанаўленняў пра губерні» (1775).
3) Назва буйных адм.-тэр. адзінак у некат. сучасных краінах (Італія, Іспанія і інш.).
4) Неафіцыйнае вызначэнне аддаленых ад сталіц і буйных гарадоў раёнаў краіны.
т. 12, с. 528
ПРАВІТАМІ́НЫ,
рэчывы, якія паступаюць з ежай і з’яўляюцца крыніцай утварэння ў арганізме чалавека і жывёл вітамінаў. З карацінаў (ёсць у моркве, шыпшыне, парэчках, памідорах і інш.) утвараецца вітамін A (гл. Рэцінол). Некат. стэрыны з’яўляюцца П. вітаміну D. Біясінтэз вітамінаў з П адбываецца ў арганізме чалавека (жывёлы) у выніку абмену рэчываў, пад уздзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя, напр., УФ-апраменьвання.
т. 12, с. 529
ПРАВО́ДНАСЦЬ у фізіялогіі, здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхі ц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 529
ПРАВО́ДНЫЯ ТКА́НКІ раслін,
тканкі, якія служаць для перамяшчэння па расліне пажыўных рэчываў. Па ксілеме ад каранёў да лісця з глебы паступае вада з мінер. рэчывамі, па лубе (флаэме) ад лісця да інш. органаў (каранёў, пупышак, кветак, пладоў) — рэчывы, што сінтэзуюцца ў лісці, пераважна прадукты фотасінтэзу. Ксілема і луб размяшчаюцца звычайна побач і ўтвараюць цяжы, ці праводныя пучкі, што фарміруюць у целе расліны бесперапынную разгалінаваную сістэму, якая злучае ўсе органы. У склад П.т. уваходзяць праводныя, мех., назапашвальныя і выдзяляльныя элементы. Высокаспецыялізаваныя П.т. з сасудамі развіліся ў працэсе эвалюцыі толькі ў вышэйшых, т.зв. сасудзістых раслін.
т. 12, с. 529
«ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйнае паліталагічнае паняцце для абазначэння адной з 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Гл. ў арт. «Левыя» і «правыя».
т. 12, с. 529
ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 12, с. 529
ПРА́ВЫЯ САЦЫЯЛІ́СТЫ,
агульная назва сацыял-дэмакр. і сацыяліст. плыней, партый і груп, кіраўніцтва якіх адмаўляе рэв. прынцыпы марксізму і марксізму-ленінізму (рэв. захоп улады, дыктатуру пралетарыяту, скасаванне прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і інш.) і праводзіць палітыку сац. партнёрства паміж наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі. Гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм, Рэфармізм, Сацыял-дэмакратыя, Сацыялістычны Інтэрнацыянал.
т. 12, с. 529