Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАВЕ́ТРА,

сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.

Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл. Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.

На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 466

ПАВЕТРААХАЛАДЖА́ЛЬНІК,

цеплаабменны апарат для зніжэння т-ры паветра, якое падаецца ў памяшканне. Рух паветра ў ім забяспечваецца вентылятарам (убудаваным ці ўстаноўленым асобна). «Сухія» П. маюць рабрыстыя або гладкія трубы, дзе выпараецца холадагент, у «мокрых» П. паветра ахаладжаецца за кошт арашэння, напр., вадой.

Паветраахаладжальнік з арашальнай насадкай: 1 — насадка; 2 — кроплеўлоўнік; 3 — размеркавальнік вады; 4 — паддон з выпаральнікам; 5 — помпа.

т. 11, с. 466

ПАВЕТРАЗАБО́РНІК у авіяцыі,

частка сілавой устаноўкі лятальнага апарата для падводу атм. паветра да рухавіка. П. падзяляюцца на рэгулявальныя і нерэгулявальныя, паводле скорасці палёту — дагукавыя і звышгукавыя. Асн. прызначэнне П. паветрана-рэактыўнага рухавіка — сцісканне паветра тармажэннем сустрэчнага патоку (таму яны маюць форму дыфузара). У звышгукавых П. сцісканне ажыццяўляецца ў сістэме скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля). Такія П. бываюць са знешнім, унутраным ці камбінаваным сцісканнем патоку.

Схема звышгукавога паветразаборніка са знешнім сцісканнем: 1 — скачкі ўшчыльнення; 2 — абечак; 3 — цэнтральны конус.

т. 11, с. 466

ПАВЕ́ТРАНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

сістэма ацяплення, пры якой памяшканне ацяпляецца пададзеным у яго падагрэтым паветрам. Выкарыстоўваецца ў прамысл., с.-г. і грамадскіх збудаваннях.

Бывае мясцовае (ацяпляльна-вентыляцыйныя агрэгаты ўстаноўлены ў памяшканні) і цэнтральнае (адзін агрэгат абслугоўвае некалькі памяшканняў). Адрозніваюць П.а. рэцыркуляцыйнае (паветра, пададзенае да паветрападагравальніка, бярэцца з памяшкання) і спалучанае з вентыляцыяй (часткова паветра бярэцца з памяшкання і часткова звонку). Перамяшчэнне паветра бывае прымусовае (за кошт вентылятара) і натуральнае за кошт рознасцей т-р і шчыльнасці паветра).

т. 11, с. 467

ПАВЕ́ТРАНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем паветр. прасторы і дзейнасцю авіяцыі на тэр. краіны. Уключае нормы нац. (унутрыдзяржаўнага) і міжнар. права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне П.п. заснавана на Канстытуцыі, Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999, інш. законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, правілах выкарыстання паветр. прасторы, авіяц. правілах і інш. нарматыўна-прававых актах і міжнар. дагаворах.

т. 11, с. 467

ПАВЕ́ТРАНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ, паветраны паток,

сістэма вятроў у трапасферы і стратасферы, якая разглядаецца звычайна як адзінае, устойлівае ў часе, атм. ўтварэнне. Уваходзіць у склад агульнай цыркуляцыі атмасферы, ахоплівае шырокія прасторы (напр., цыклоны, пасаты, мусоны) або мае мясц. значэнне (брызы, горнадалінныя вятры і інш.).

т. 11, с. 467

ПАВЕ́ТРАНАЙ СКО́РАСЦІ ПАКАЗА́ЛЬНІК,

прылада для вымярэння скорасці палёту лятальнага апарата адносна паветр. асяроддзя. Мае анероідную (гл. Анероід) і манаметрычную (гл. Манометр) каробкі, спалучаныя трубаправодам з прыёмнікам поўнага ціску і перадатачным механізмам — са стрэлкамі. У паказанні прылады аўтаматычна ўводзяцца папраўкі на змены параметраў паветр. асяроддзя ў залежнасці ад вышыні палёту.

т. 11, с. 467

ПАВЕ́ТРАНАЯ ЛІ́НІЯ,

гл. Авіялінія.

т. 11, с. 467

ПАВЕ́ТРАНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ,

гл. Навігацыя паветраная.

т. 11, с. 468

ПАВЕ́ТРАНА-ДЭСА́НТНЫЯ ВО́ЙСКІ (ПДВ),

род войск, прызначаных для вядзення баявых дзеянняў у тыле праціўніка. Уваходзяць у склад узбр. сіл многіх дзяржаў. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў парашутна-дэсантных, танк., артыл. і інш. войск. Зарадзіліся ў 1930-я г., найб. развіццё атрымалі напярэдадні 2-й сусв. вайны ў СССР, Германіі, ЗША і Вялікабрытаніі. Напр., у 1935 на Кіеўскіх і ў 1936 на Беларускіх манеўрах Чырв. Арміі было дэсантавана 3 тыс. парашутыстаў, 8200 чал. з артылерыяй, лёгкімі танкамі і інш. баявой тэхнікай высаджаны пасадачным спосабам. ПДВ шырока выкарыстоўваліся ў ходзе 2-й сусв. вайны. У пасляваенны час ПДВ СССР прымалі ўдзел у лакальных войнах, у т.л. ў Афганістане (1979—89), а таксама ў шэрагу вучэнняў, у т.л. на тэр. Беларусі [напр., «Дзвіна» (1970) і інш.]. ПДВ некаторых дзяржаў выкарыстоўваюцца ў аб’яднаных сілах ААН. Сучасныя ПДВ здольны хутка дасягнуць аддаленых раёнаў, наносіць нечаканыя ўдары па праціўніку, весці агульнавайсковы бой, могуць выконваць задачы са злучэннямі і часцямі інш. відаў (родаў) войск. Аснашчаны комплексам сродкаў дэсантавання людзей, тэхнікі і ўзбраення (трансп. самалёты, верталёты, парашуты, парашутныя і парашутна-рэактыўныя сістэмы, дэсантныя кантэйнеры, платформы для скідвання тэхнікі, узбраення і інш.). Ва Узбр. Сілах Беларусі на базе ПДВ (паветрана-дэсантная дывізія і інш. часці) у 1995 створаны мабільныя сілы.

В.М.Пташнік.

Паветрана-дэсантныя войскі на вучэннях.

т. 11, с. 466