Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВАГРУ́ДСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—19 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Упершыню ўпамінаецца ў сеймавай канстытуцыі 1652. Мяркуюць, што ў 1664 пад ратушу прыстасаваны будынак камяніцы на рынку. У час пажару 1751 ён пашкоджаны, пазней адноўлены: на рагу будынка прыбудавана 2-ярусная вежа, завершаная купалам і флюгерам з выявай архангела Міхаіла (лічыўся абаронцам горада). У 1818 Н.р. значна рэканструявана: зменены агульная планіроўка, аконныя і дзвярныя праёмы, на ўзроўні 2-га паверха гал. фасада, арыентаванага на плошчу, зроблена галерэя (апіралася на 4 калоны). Ратуша набыла рысы класіцызму: рустоўка па вуглах будынка і на гранях вежы 1-га паверха, нішы на 2-м паверсе. У такім выглядзе яна існавала да пажару 1862, калі была моцна пашкоджана і больш не аднаўлялася. Каля 1900 на месцы Н.р. ўзведзены новы будынак гар. магістрата (верагодна, былі выкарыстаны фундаменты і часткі сцен старой ратушы), у Вял. Айч. вайну разбураны.

Навагрудская ратуша. Рэканструкцыя.

т. 11, с. 93

НАВАГРУ́ДСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т.л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т.л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.

П.І.Лабанок.

т. 11, с. 93

НАВАГРУ́ДСКІЯ ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1812 у цэнтры горада на гандл. плошчы (цяпер вул. Мінская). Выцягнуты прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў цэнтры падоўжаных фасадаў. Гал. фасад расчлянёны прамавугольнымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Вакол будынка абходная галерэя, утвораная дарычнай каланадай. У 1953 зменена планіроўка будынка, гал. фасад абліцаваны керамічнай пліткай. Выкарыстоўваюцца пад гандл. прадпрыемствы.

Навагрудскія гандлёвыя рады. Фота 1930-х г.

т. 11, с. 98

НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.

Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г. Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9x9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.

Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.

М.А.Ткачоў.

Да арт. Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.Сгашчанюка. 1991.

т. 11, с. 98

НАВАГРУ́ДСКІ ГАНДЛЁВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1947 у г. Навагрудак як тэхнікум. З 1997 каледж. Рыхтуе бухгалтараў, таваразнаўцаў, эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; банкаўская справа; маркетынг; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 11, с. 94

НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-ва бел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр. партыз. атрада Бельскага і інш.

Т.Р.Вяршыцкая.

т. 11, с. 94

НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.

т. 11, с. 94

НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.

Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц. т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.

т. 11, с. 94

НАВАГРУ́ДСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Касцёл узведзены ў 1780, у 1846 перабудаваны ў псеўдавізант. стылі ў Мікалаеўскую царкву. Касцёл — 3-нефавая мураваная базіліка з 5-граннай апсідай. Гал. фасад падзелены развітым антаблементам на 3 ярусы. Сцены цэнтр. нефа расчлянёны пілястрамі, на гал. фасадзе спараныя абапал высокага паўцыркульнага акна 2-га яруса і гал. ўвахода на 1-м ярусе, па абодва бакі іх неглыбокія нішы. 3-і ярус — невысокая вежа-званіца з купалком на 8-гранным барабане. Аконныя праёмы гал. фасада з паўцыркульным і арачным завяршэннем. На Пн ад касцёла 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны корпус кляштара. Гал. фасад вырашаны ў лаканічных формах, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. На паўд. тарцовым фасадзе вонкавая мураваная лесвіца, агароджаная падпорнай сцяной і ўмацаваная масіўным контрфорсам. Кляштар скасаваны ў 1831.

Т.І.Чарняўская, А.Л.Ярашэвіч.

Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў. Будынак кляштара.

т. 11, с. 94

НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,

адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял. Айч. вайны разбураны.

М.П.Гайба.

т. 11, с. 94