Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАНІЛЬКЕ́ВІЧ Мечыслаў Іванавіч

(н. 14.10.1935, в. Міхнаўшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958), там і працаваў. З 1996 у Ін-це электронікі Кашалінскага тэхн. ун-та (Польшча). Навук. працы па магн., эл., мех. уласцівасцях цвёрдых цел. Атрымаў і даследаваў шырокадыяпазонныя дыэлектрычныя спектры ферытаў; прапанаваў метад вызначэння трываласці крышталёў праз энергію крышт. рашоткі.

Тв.:

Диэлектрические свойства оксидных феррошпинелей с различным магнитным разбавлением // Неорганические материалы. 1997. Т. 33, № 3.

т. 6, с. 40

Данільчанка Аляксей Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 377

Данільчык Валянцін Сцяпанавіч

т. 18, кн. 1, с. 377

ДАНІЛЮ́К Леанід Сямёнавіч

(3.5.1919, в. Студзёнка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.9.1986),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1939), Тбіліскае артыл. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну са жніўня 1941 на Паўн.-Зах., 2-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір самаходнага артыл. палка маёр Д. вызначыўся 18.4.1945 пры ўзяцці г. Бернаў у час Берлінскай аперацыі. Да 1955 у Сав. Арміі.

Л.С.Данілюк.

т. 6, с. 41

ДАНІЛЮ́К Святлана Піліпаўна

(н. 25.3.1939, Кіеў),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1971). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1963, клас З.Гайдай). Працавала ў Пермскім т-ры оперы і балета. З 1966 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (у 1973 удасканальвалася ў міланскім т-ры «Ла Скала»), з 1986 салістка Бел. філармоніі. Валодае сакавітым, моцным і адначасова гнуткім рухомым голасам з добра развітым верхнім рэгістрам, што дае ёй магчымасць выконваць і каларатурныя партыі (Разіна ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). Віртуозную тэхніку, майстэрства вакалізацыі Д. падпарадкоўвае ўдумлівай, тонкай інтэрпрэтацыі розных па стылі твораў, старанна шліфуе сцэнічны малюнак вобраза. У операх нац. рэпертуару стварыла вобразы Алесі («Алеся» Я.Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю.Семянякі). Творчая індывідуальнасць найб. яскрава выявілася ў партыях драм. плана: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). У канцэртных праграмах значную частку складаюць творы бел. кампазітараў; выконвае сольныя партыі ў буйных вак.-сімф. творах. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1965, 2-я прэмія), дыпламант 3-га Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1966).

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Святлана Данілюк // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

Т.А.Дубкова.

С.П.Данілюк.
С.Данілюк у ролях Марыны Мнішак (злева) і Сантуцы.

т. 6, с. 41

ДАНІ́НА,

старажытная форма падатку. Першапачаткова натуральныя ці грашовыя паборы, што спаганяліся пераможцамі з заваяваных плямён ці дзяржаў. На Русі вядома з 9 ст., у 11—16 ст. дзярж. падатак і феад. рэнта. У 13—15 ст. Д. ясак збіралася з рус. княстваў на карысць Залатой Арды. На Беларусі да канца 15 ст. Д. — асн. форма рэнты. Збіралася натуральнай прадукцыяй (мёд, воск, футра, пазней с.-г. прадукцыя), якая часткова спалучалася з адработачнай і грашовай формамі рэнты.

т. 6, с. 41

ДАНІСЕ́ВІЧ Стафан

(1836, Магілёўская губ. — 3.12.1913),

бел. каталіцкі рэліг. дзеяч. Скончыў Пецярб. каталіцкую духоўную акадэмію са ступенню магістра тэалогіі (1863) і пасвячоны ў святара. Служыў на розных пасадах у Магілёўскай губ. і Смаленску. З 1903 адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі, у 1908 атрымаў ганаровы тытул біскупа клаўдзіяпалітанскага. Быў прыхільнікам выкарыстання бел. мовы ў царк. жыцці. Садзейнічаў выданню «Элементара [буквара] для добрых дзетак каталікоў» (СПб., 1906, лацінкай), для якога напісаў прадмову. Быў цэнзарам кніг на бел. мове (лацінкай) «Кароткі катэхізм» (1907) і «Кароткая гісторыя святая» (1914).

Літ.:

Stankiewicz A Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929.

І.І.Траццяк.

т. 6, с. 41

ДАНІЦЭ́ЦІ (Donizetti) Гаэтана

(29.11.1797, г. Бергама, Італія — 8.4.1848),

італьянскі кампазітар. У 1815—17 вучыўся ў Балонскім муз. ліцэі. У 1839—40 і пазней працаваў у Парыжы, дзе пастаўлены многія з яго опер, у 1840-я г. таксама ў Аўстрыі (з 1842 аўстр. прыдворны кампазітар). У 1834—39 праф. кансерваторыі ў Неапалі (з 1837 дырэктар). Асн. частку творчай спадчыны Д., майстра стылю бельканта, складаюць усе жанравыя разнавіднасці італьян. оперы (опера-буфа, опера-камік, лірыка-драм. і рамант. оперы, сац.-псіхал. меладрамы і інш.), яны насычаны выразнымі, лёгка запамінальнымі мелодыямі, эфектнымі арыямі, вылучаюцца яркай тэатральнасцю. Сярод найб. папулярных опер «Любоўны напітак» (1832) і «Дон Паскуале» (1843), адзін з лепшых узораў оперы-буфа, адзначаны невычарпальным дасціпным гумарам, жыццярадаснасцю, мяккім лірызмам.

Сярод інш. твораў: оперы «Пётр Вялікі, цар рускі, або Лівонскі цясляр» (1819), «Дон Грэгорыо» (1824), «Ганна Балейн» (1830), «Лукрэцыя Борджа» (1833), «Лючыя ды Ламермур» (1835), «Паліеўкт» (1838), «Марыя ды Роган» (1843), араторыі, кантаты, 16 сімфоній, камерна-інстр., вак. творы.

Літ.:

Донати-Петтени Дж. Гаэтано Доницетти: Пер. с итал. Л., 1980.

Помнік Г.Данідэці ў касцёле Санта-Марыя ў Бергама.

т. 6, с. 41

ДАНІЭ́ЛЬ,

жывёла, гл. Лань.

т. 6, с. 42

ДАНІЭЛЬСО́Н Мікалай Францавіч

(26.1.1844, Масква — 3.7.1918),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з тэарэтыкаў ліберальнага народніцтва. Скончыў Пецярбургскае камерцыйнае вучылішча (1862). Сябар Г.А.Лапаціна. Перапісваўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам, забяспечваў іх л-рай і звесткамі па эканоміцы Расіі. У 1870 арыштаваны па справе С.Г.Нячаева. Завяршыў (разам з М.М.Любавіным) пачаты Лапаціным пераклад на рус. мову 1-га т. «Капіталу» Маркса (выдадзены ў 1872), пераклаў 2-і (1885) і 3-і (1896) тамы. Гал. праца — «Нарысы нашай парэформеннай гаспадаркі» (1893), у якой спалучаны марксісцкія і народніцкія ідэі.

т. 6, с. 42