Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ЧЫШЧА,

найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня Р. буйных рэк ад дзесяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні Р. плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для Р. раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Р. горных рэк парожыстыя, часта скалістыя. Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў Р. і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найб. эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме Р. У засушлівых раёнах Р. многіх рэк б.ч. года застаюцца сухімі. Для рэк Беларусі характэрны Р. раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шыр. Р. пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шыр. Р. буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіні большасці Р. 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.

Да арт. Рэчышча. Формы рэчышчавых утварэнняў.

т. 14, с. 41

РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),

1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж. служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».

2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛбел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв (гл. Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.

Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля ​2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр. ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл. Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).

Літ.:

Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;

Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 36

РЭ́ШАТАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (26.8.1911, в. Бегунова Цвярской вобл., Расія — 27.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на фронце. Кулямётнае аддзяленне на чале з сяржантам Р. вызначылася 27.6.1944 у баі каля в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. пры спробе ворага вырвацца з віцебскага «катла», дзе знішчыла большую частку яго калоны. Калі Р. застаўся адзін, то апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў. У в. Уна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. помнік.

П.​Дз.Рэшатаў.

т. 14, с. 41

РЭ́ШАЦІЛАЎ (Анатоль Радзівонавіч) (н. 14.10.1934, с. Грыгор’еўка Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне сістэм кіравання. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1963). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па даследаванні вымушаных ваганняў у нелінейных сістэмах. Устанавіў новы клас сістэмных характарыстык нелінейных звёнаў устройстваў кіравання. Распрацаваў крытэрый устойлівасці вымушаных ваганняў, метад разліку каардынат ваганняў у нелінейных сістэмах адвольнай канфігурацыі.

Тв.:

Системные характеристики нелинейных звеньев и скачки колебаний. Мн., 1986.

т. 14, с. 41

РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),

бел. рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.​Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час. «Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;

Мюнхен, 1999.

Ю.​Гарбінскі.

т. 14, с. 41

РЭШТ,

горад на ПнЗ Ірана. Адм. ц. астана Гілян. Каля 400 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна шаўкаводства (з 14 ст). Прам-сць: тэкст., харчасмакавая (у т. л. тытунёвая, чаеперапрацоўчая), дрэваапр., эл.-тэхн., шкляная. Рамёствы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металаў, вышыўка). Ун-т.

т. 14, с. 41

РЭ́ШЫЦА (Reşita),

горад на З Румыніі. Адм. ц. жудзеца Караш-Северын. Каля 100 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: металургічная, цяжкае машынабудаванне, коксахім., швейная, харчовая. У наваколлі — здабыча кам. вугалю і жал. руды. Музей металургіі.

т. 14, с. 42

РЭЮНЬЁН (Réunion),

уладанне Францыі (заморскі дэпартамент) на аднайменным в-ве з групы Маскарэнскіх а-воў у зах. ч. Індыйскага ак. Уваходзяць а-вы Рэюньён (пл. 2350 км²), Трамлен, Басас-да-Індыя, Жуан-ды-Нова і Еўропа. Агульная пл. 2,5 тыс. км². Нас. 720,9 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — франц., выкарыстоўваюцца крэольская і хіндзі. Адм. ц.г. Сен-Дэні. Падзяляецца на 24 камуны. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. В-аў Р. складаецца з 2 вулканічных масіваў: паўн.-зах. з патухлым вулканам Пітон-дэ-Неж (выш. 3069 м) і паўд.-ўсх. з дзеючым вулканам Фурнез (выш. 2631 м). Ёсць голыя лававыя палі, стараж. вулканічныя цыркі, участкі плато; узбярэжжы нізінныя і раўнінныя. Клімат трапічны пасатны. На ўзбярэжжы т-ры паветра ад 28 °C у студз. да 20 °C у ліп. На падветраных паўн.-ўсх. схілах гор выпадае да 4000 мм ападкаў за год, на ПдЗ — каля 700 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Бываюць разбуральныя ўраганы (снеж.—красавік). Пад лесам (тамарынд, жалезнае і аліўкавае дрэвы, дрэвападобныя папараці і ліяны) і хмызнякамі 35% тэр. На ПдЗ участкі саваннаў, у гарах — лугі. Шмат птушак. Разнастайная марская фауна. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва (больш за 60%) — рэюньёнцы, або крэолы, народ пераважна змешанага франка-афра-малагасійскага паходжання, нашчадкі франц. каланістаў, афр. і малагасійскіх рабоў. Жывуць таксама індыйцы (каля 27%), афрыканцы, мальгашы, кітайцы. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (86%), ёсць індуісты, мусульмане, будысты. Сярэднегадавы прырост нас. каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 288 чал. на 1 км. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, дзе шчыльнасць дасягае 1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве больш за 70% насельніцтва. У прам-сці занята 19% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 8, у сферы паслуг — 73%. Значнае беспрацоўе (каля 35%), эміграцыя ў Францыю.

Гісторыя. Адкрыты ў пач. 16 ст. партуг. мараплаўцам П. ды Машкарэньяшам. З сярэдзіны 17 ст. каланізацыю вострава вялі французы, якія назвалі яго Бурбон. У 1810—15 востраў захапіла Вялікабрытанія. Пасля вяртання Францыі востраў атрымаў назву Р. (франц. «ўз’яднанне»), У 1946 Р. атрымаў статус «заморскага дэпартамента», у 1974 — унутр. аўтаномію, створаны Ген. і Рэгіянальны саветы, з 1982 паўнамоцтвы апошняга значна пашыраны.

Гаспадарка. Р. — с.-г. краіна з монакультурнай арыентацыяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4,8 тыс. дол. (1998). Вытв-сць эл. энергіі 1,1 млрд. кВтгадз (1996); каля 55% яе атрымліваюць на электрастанцыях, якія працуюць на імпартаваных нафтапрадуктах, каля 45% — на ГЭС. Гал. галіна прам-сці — перапрацоўка цукр. трыснягу (8 цукр. з-даў выпускаюць 222 тыс. т цукру, 1998).

Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці рому, сокаў, ванілі, араматычных эсенцый, кансерваў (пладова-агароднінных і рыбных), алею, мясных вырабаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, буд. матэрыялаў. Часткова на экспарт працуюць швейныя, абутковыя, металаапр. і электронныя прадпрыемствы. Лясная прам-сць і дрэваапрацоўка. Развіты разнастайныя рамёствы і выраб сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 60 тыс. га зямель, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 50 тыс. га, пад пашай каля 10 тыс. га. Арашаецца 6 тыс. га. Ёсць буйныя плантацыі і дробныя сялянскія гаспадаркі. Асн. культура — цукр. трыснёг, займае каля 35 тыс. га, штогадовы збор 2—3 млн. т. Экспартнае значэнне мае вырошчванне ванілі і для парфумернай прам-сці Францыі эфіраносаў (пеларгонія, ветыверыя, іланг-іланг). Вырошчваюць таксама кукурузу, пшаніцу, бульбу, маніёк, агародніну, тытунь. У 1998 атрымана 17 тыс. т збожжа. Субтрапічнае садоўніцтва (манга, папайя, грэйпфрут, гуява і інш.). Вінаградарства. У горных раёнах развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы 26, авечак і коз 33, свіней 87. Рыбалоўства і промысел амараў. Важнае месца займае замежны турызм, на востраве развітая сетка інфраструктуры для турыстаў. У 1998 Р. наведала 370,3 тыс. чал., пераважна з Францыі. Унутр. транспарт аўтамабільны. На востраве 2,8 тыс. аўтадарог, у т. л. 2,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. порт Ле-Пор. Каля г. Сен-Дэні міжнар. аэрапорт. У 1998 экспарт склаў 171,8 млн. дол., імпарт — 2,35 млрд. дол. У экспарце пераважаюць цукар (63%), ром і патака, парфумерныя эсенцыі, рыбапрадукты; у імпарце — машыны, паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёр — Францыя (74% экспарту, 67% імпарту), яна аказвае Р. пастаянную эканам. дапамогу. Грашовая адзінка — франц. франк.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Вадаспад у гарах на востраве Рэюньён.

т. 14, с. 42

РЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі стараж. багіня, тытаніда (гл. Тытаны), жонка і сястра тытана Кронаса. Лічылася дачкой Урана і Геі. Паводле міфаў, Р. нарадзіла Кронасу дачок і сыноў Гестыю, Дэметру, Геру, Аіда, Пасейдона і Зеўса. Кронас, які баяўся страціць уладу над светам, паядаў сваіх дзяцей. Р. шляхам падману выратавала і схавала ад яго Зеўса і Пасейдона. У перыяд позняй антычнасці Р. атаясамлівалі з фрыгійскай Вялікай маці багоў і называлі Р.-Кібелай.

т. 14, с. 42

РЭ́Я,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр 1530 км, адлегласць ад Сатурна 527 тыс. км, сідэрычны перыяд абарачэння 4 сут 12 гадз 16 мін. Адкрыты ў 1672 Дж.Д.Касіні.

т. 14, с. 42