Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫГО́РЫЙ ТУ́РСКІ

[Grégoire de Tours; Gregorius Turonensis; сапр. Георгій Фларэнцый (Georgius Florentius); 30.11.538 ці 539, г. Клермон-Феран, Францыя — 594 ці 595],

французскі храніст. Празваны бацькам франц. гісторыі. Епіскап Тура з 573, уплывовая духоўная асоба дзяржавы Меравінгаў. Аўтар «Гісторыі франкаў» (на лац. мове, у 10 кн.), гал. крыніцы паліт. гісторыі Франкскай дзяржавы 5—6 ст., а таксама некалькіх дагматычных і агіяграфічных твораў.

т. 5, с. 478

ГРЫГО́РЫЙ VII

(Gregorius) Гільдэбранд (паміж 1015 і 1020, Сарана, каля г. Грасета, Італія — 25.5.1085),

рымскі папа з 1073. Фактычна правіў пры папе Нікалаю II. Праводзіў рэформы, скіраваныя на ўмацаванне каталіцкай царквы. Забараніў сіманію, увёў цэлібат. Дамагаўся верхавенства пап над свецкімі правіцелямі, змагаўся з герм. імператарам Генрыхам IV за інвестытуру. У 1606 кананізаваны.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́РЫЙ XIII

(Gregorius; свецкае Уга Банкампаньі; Ugo Boncompagni; 1.1.1502, г. Балоння, Італія — 10.4.1585),

рымскі папа з 1572. Натхніцель контррэфармацыі ў еўрап. дзяржавах. Падтрымліваў франц. католікаў у іх барацьбе з гугенотамі, садзейнічаў узмацненню езуітаў. Імкнуўся пашырыць каталіцызм у Расіі, Японіі, Кітаі. Грыгорый XIII правёў рэформу календара (1582), ад яго імя назва стылю — грыгарыянскі.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́

(каля 945 — 949 — 7.10.1003),

армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.

Тв.:

Рус. пер. — Книга скорбных песнопений. М., 1988.

А.Казінян.

т. 5, с. 476

ГРЫ́ГУЛІС

(Grigulis) Арвідс (12.10.1906, маёнтак Юмпраўмуйжа Лімбажскага р-на, Латвія — 5.10.1989),

латышскі пісьменнік, літаратуразнавец. Нар. пісьменнік Латвіі (1978). Засл. дз. культ. Латвіі (1947). Акад. АН Латвіі (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках «Запіскі рэпарцёра» (1929), «Імітацыя і сэрца» (1931) выявіліся яго крытычныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці. У раманах «Людзі ў садзе» (1939), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1965, аднайм. фільм 1967), кнізе апавяданняў «Праз агонь і ваду» (1945), зб-ках вершаў «У буру» (1946), «Другія пеўні» (1970), «Зямля палае песняй» (1985) і інш. — праблемы вайны і міру, маральна-этычнае аблічча суайчынніка, філас. роздум і ўзмоцненая экспрэсія. Аўтар п’ес «Гліна і фарфор» (1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1948), «Салдацкі шынель» (1955) і інш. Роздум пра л-ру, т-р, жыццё — у эсэ «Лісты паэтэсе Каміле» (1981, Дзярж. прэмія Латвіі 1982). На бел. мову творы Грыгуліса перакладалі А.Звонак, В.Зуёнак, У.Пігулеўскі, Н.Тулупава.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—7. Rīga, 1963—66;

Бел. пер. — у кн. Ветрык, вей. Мн., 1959;

Латышскія апавяданні. Мн., 1956.

т. 5, с. 478

ГРЫ́ДЗІНА Вольга Уладзіміраўна

(н. 20.6.1945, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.

т. 5, с. 478

ГРЫДЗЮ́ШКА Яўген Міхайлавіч

(н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),

бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.Гарэлавай, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, Я.Паплаўскага, Дз.Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.Альбеніс, Л.Браўэр, Х.Радрыга, Ф.Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.С.Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л. бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.Захараў, Дз.Асімовіч, Э.Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.

т. 5, с. 478

ГРЫ́ДНІЦА,

1) у старажытнарускай архітэктуры вял. памяшканне ў княжацкім палацы або асобная пабудова, дзе жыла грыдзь (малодшая княжацкая дружына), прымалі гасцей, наладжвалі святочныя баляванні.

2) На Беларусі ў 16—18 ст. — жылы пакой для чэлядзі ў сядзібным доме або флігель, які злучаўся з панскімі пакоямі сенцамі, часам уключаў камору; асобныя жылыя будынкі ў традыцыях нар. жылля, з 1 або 2 жылымі пакоямі. Грыдніцай называлі таксама вял. жылыя пакоі ў манастырах, часам — курныя хаты пры корчмах.

т. 5, с. 478

ГРЫ́ЖА,

выпучванне ўнутр. органаў або іх тканак праз адтуліны ў анатамічных утварэннях у міжмышачную клятчатку, поласці, пад скуру.

Бывае прыроджаная і набытая; траўматычная, штучная, пасляаперацыйная; поўная і няпоўная і інш. Паводле лакалізацыі адрозніваюць грыжу галаўнога і спіннога мозга, жывата (пахвінная, сцегнавая, эпігастральная, пупочная, сядалішчная і інш.), мышцаў. Утварэнню набытай грыжы садзейнічаюць прыроджаная слабасць пэўных анатамічных абласцей, цяжкая фіз. праца, знясіленне, траўмы. Лячэнне хірургічнае. Хворыя, якім проціпаказана аперацыя, носяць бандаж. Ускладненні: ушчамленне грыжы, магчыма кішэчная непраходнасць грыжы, запаленне і інш.

А.У.Руцкі.

т. 5, с. 478

ГРЫЖА́НКА,

даўняя бел. страва з бручкі, якую крышылі на дробныя кавалкі, тушылі, запраўлялі малаком. Вядома на Віцебшчыне.

т. 5, с. 478