ГРЫДЗЮ́ШКА (Яўген Міхайлавіч) (н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),

бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.​Гарэлавай, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, Я.​Паплаўскага, Дз.​Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.​Альбеніс, Л.​Браўэр, Х.​Радрыга, Ф.​Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.​С.​Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л. бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.​Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.​Захараў, Дз.​Асімовіч, Э.​Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)