Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́БА ((Kuba) Людвік) (16.4.1863, г. Подзебрадзі, Чэхія — 30.11.1956),

чэшскі этнограф, муз. фалькларыст, мастак. Нар. арт. і нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Празе ў арганнай школе ў Ф.Скугерскага (1877—79), у АМ (1891—93), у Парыжы ў акадэміі Жуліяна (1893—95), у Мюнхене ў школе А.Ажбе (1896—1904). З 1945 выкладаў у Пражскай АМ. Удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па слав. землях, у т. л. ў 1886 і 1887 у Расіі, на Беларусі і Украіне. У асн. працы «Славянства ў сваіх песнях» (т. 1—15, 1884—1929) акрамя нотных узораў (каля 4000) змясціў апісанні мясц. манер спеваў, побыту, нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва, замалёўкі сельскіх пабудоў, касцюмаў, муз. інструментаў, партрэты прадстаўнікоў розных народнасцей. Першы апублікаваў запісы бел. нар. 2-галосых песень, даследаваў ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору («Беларуская народная песня», 1887). Сярод жывапісных работ жанравыя карціны, партрэты, пейзажы, нацюрморты: «Кветкі» (1899), «Піёны» (1902), «Чытач», «Сярод руж» (абедзве 1906), «Аўтапартрэт» (1914), «На балконе ў Сміхаве» (1913), «Аўтапартрэт з палітрай» (1940), «Аўтапартрэт з люлькай» (1952).

Літ.:

Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971;

Stanislav J. Ludvik Kuba. Zakladatel slovanské hudebni folkloristiky. Praha, 1963.

Л.С.Мухарынская.

т. 8, с. 550

КУ́БАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група нерастваральных у вадзе фарбавальнікаў. Паводле хім. класіфікацыі К.ф. — пераважна поліцыклічныя і антрахінонавыя фарбавальнікі; асобная група К.ф. — індыгоідныя фарбавальнікі і тыяіндыгоідныя.

Пры фарбаванні К.ф. папярэдне аднаўляюць у асн. асяроддзі. У выніку рэакцыі аднаўлення ўтвараюцца водарастваральныя солі лейказлучэнняў. Атрыманы фарбавальны раствор наз. кубам (індыга, вядомы са старажытнасці, аднаўлялі ў чопах — «кубах», адсюль назва). Лейказлучэнні ў адрозненне ад зыходных К.ф. добра сарбіруюцца валакном, а пры наступным акісленні (кіслародам паветра або інш. акісляльнікамі) рэгенерыруюць К.ф. з утварэннем высокаўстойлівай афарбоўкі. К.ф. вырабляюць у выглядзе парашкоў у спалучэнні са значнай колькасцю дыспергатараў і пастаў (для суспензійнага фарбавання і друкавання тканін), некаторыя — у выглядзе кубазолей — растваральных у вадзе натрыевых солей гідрагенсульфатаў эфіраў лейказлучэнняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўкі бавоўны, лёну, віскозных валокнаў і іх сумесей з поліэфірнымі валокнамі, а таксама футра ў шэры або руды колер.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 8, с. 550

КУ́БАК,

невялікая пасудзіна для піцця; найчасцей цыліндрычнай, радзей збана- ці бочкападобнай формы з выразным донцам, з адной ці дзвюма ручкамі (трапляюцца без ручак), звычайна без накрыўкі. К. выраблялі з гліны, металу, каменнай масы, дрэва, шкла. Вядомы ў розных народаў з часоў старажытнасці.

Кубак.

т. 8, с. 551

КУБА́НА-ПРЫАЗО́ЎСКАЯ НІЗІ́НА,

гл. Прыкубанская нізіна.

т. 8, с. 551

КУБА́НГА (Cubango),

Акаванга (Okavango), рака ў Афрыцы, у Анголе, Намібіі і Батсване. Даўж. каля 1600 км, пл. басейна каля 800 тыс. км². Пачынаецца на пласкагор’і Біе ў Анголе, у вярхоўі парожыстая. Заканчваецца ў вобласці ўнутр. сцёку Калахары, утварае балоцістую дэльту (балота Акаванга). Паўд. рукаў дэльты ўпадае ў воз. Нгамі, паўн. (перыядычны) — у р. Кванда (прыток р. Замбезі), рукаў Батлетле жывіць балота ўпадзіны Макгадыкгадзі. Гал. прыток — р. Квіта (злева). Сярэдні гадавы расход вады 255 м³/с. Высокі ўзровень і паводкі ў час летніх дажджоў.

т. 8, с. 551

КУБА́НЬ,

рака ў Стаўрапольскім і Краснадарскім краях Расіі. Даўж. 870 км, пл. бас. 57,9 тыс. км². Пачынаецца 2 вытокамі (Улукам і Учкулан) на схілах Эльбруса, каля ледавіка Улукам. Упадае ў Тэмрукскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. 4,3 тыс. км²). Ад сутокаў да г. Нявіннамыск цячэ пераважна ў глыбокай і вузкай цясніне, ніжэй выходзіць на раўніну, пойма шырокая, у рэчышчы шмат меляў, перакатаў, астравоў. У ніжнім цячэнні (ад упадзення р. Лаба) даліна расшыраецца, у пойме плаўні. Асн. прытокі: Тэберда, Малы і Вял. Зелянчук, Уруп, Лаба, Белая, Пшыш (злева). Жыўленне мяшанае. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Краснадар 393 м³/с. У дэльце прамысл. рыбы (судак, тарань, асятровыя і інш.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады К. па Нявіннамыскім арашальным канале паступае ў р. Егарлык (прыток р. Дон). Краснадарскае вадасховішча. Суднаходная ад вусця р. Лаба, у вярхоўі сплаўная. Гал. гарады: Карачаеўск, Чэркеск, Нявіннамыск, Армавір, Крапоткін, Усць-Лабінск, Краснадар; у дэльце — марскі порт Тэмрук.

т. 8, с. 551

КУ́БАРАЎ (Вячаслаў Георгіевіч) (12.7.1931, в. Кочава Яранскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 5.7.1995),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1963). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Масква—Генуя» (1964), «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1969), «Паланез Агінскага» (1971), «Пагаворым, брат» (1979), «Круглянскі мост» (1989), «Пайсці і не вярнуцца» (1992), «Чорны бусел» (1993); тэлефільмаў «Крокі па зямлі» (1968), «Вялікае процістаянне» (1974), «Час-Не-Чакае» (1975), «Дзяржаўная граніца» (1—10 серыі, 1980—86). Аўтар жывапісных карцін «Харчатрад» (1966), «Рыбакі» (1984), «Прыйшоў салдат з фронту» (1989—92), пейзажаў «Вясна ў Жыровічах» (1972), «Прыпяць» (1980), «Вясна ў Вязынцы» (1992), «Лошыца. Сакавік» (1994) і інш.

В.Кубараў Рыбакі. 1984.

т. 8, с. 551

КУБА́РКА (Аляксей Іванавіч) (н. 28.4.1943, в. Воля Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1984), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1968), працуе ў ім з 1972 (у 1986—97 рэктар). Навук. працы па фізіял. ролі фіз.-хім. уласцівасцей ліпідаў арганізма, механізмах функцыянавання ц. н. с. і ўстойлівасці арганізма да экстрэмальных уздзеянняў.

Тв.:

Основы физиологии человека. СПб., 1994 (у сааўт.);

Щитовидная железа: Фундаментальные аспекты. Мн.;

Нагасаки, 1998 (у сааўт.).

т. 8, с. 551

КУБА́САЎ (Валерый Мікалаевіч) (н. 7.1.1935, г. Вязнікі Уладзімірскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1969), Герой Венгрыі (1980). Канд. тэхн. н. (1968). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1958). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 11—16.10.1969 з Г.С.Шоніным здзейсніў палёт (як бортінжынер) на касм. караблі (КК) «Саюз-6»; 15—21.7.1975 з А.А.Лявонавым — палёт (як бортінжынер) на КК «Саюз-19» (па праграме ЭПАС); 26.5—3.6.1980 з Б.Фаркашам (Венгрыя) — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-36» і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж В.В.Румін, Л.І.Папоў), вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-35». Агульная працягласць палётаў 18,75 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР, залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.

т. 8, с. 551

КУБАФУТУРЫ́ЗМ,

гл. ў арт. Кубізм, Футурызм.

т. 8, с. 551