КУБА́НЬ,
рака ў Стаўрапольскім і Краснадарскім краях Расіі. Даўж. 870 км, пл. бас. 57,9 тыс. км². Пачынаецца 2 вытокамі (Улукам і Учкулан) на схілах Эльбруса, каля ледавіка Улукам. Упадае ў Тэмрукскі зал. Азоўскага м., утварае дэльту (пл. 4,3 тыс. км²). Ад сутокаў да г. Нявіннамыск цячэ пераважна ў глыбокай і вузкай цясніне, ніжэй выходзіць на раўніну, пойма шырокая, у рэчышчы шмат меляў, перакатаў, астравоў. У ніжнім цячэнні (ад упадзення р. Лаба) даліна расшыраецца, у пойме плаўні. Асн. прытокі: Тэберда, Малы і Вял. Зелянчук, Уруп, Лаба, Белая, Пшыш (злева). Жыўленне мяшанае. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Краснадар 393 м³/с. У дэльце прамысл. рыбы (судак, тарань, асятровыя і інш.). Выкарыстоўваецца для арашэння. Частка вады К. па Нявіннамыскім арашальным канале паступае ў р. Егарлык (прыток р. Дон). Краснадарскае вадасховішча. Суднаходная ад вусця р. Лаба, у вярхоўі сплаўная. Гал. гарады: Карачаеўск, Чэркеск, Нявіннамыск, Армавір, Крапоткін, Усць-Лабінск, Краснадар; у дэльце — марскі порт Тэмрук.
т. 8, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)