Рэспубліка Куба (República de Cuba), дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс.км²), Хувентуд (2,2 тыс.км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс.км². Нас. 11 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.
Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.—кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб. — р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.
Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб.шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс.ж. (1994). Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.
Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. З пач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас. З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. стала вытв-сцьцукр. трыснягу, якая ў 1850 давала 1/3сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс.чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп.калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл.Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанама пад ваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.М.Гомесе (1909—13), М.Менакалі (1913—21), А.Саясе (1921—25), Х.Мачада (1925—33), Ф Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.
У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі з СССР і інш.сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (з кастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г.СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр.прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл.вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-r. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн.га, у т. л. арашальных зямель 1 млн.га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн.га, у т. л. пад цукр. трыснягом 1,5 млн.га, пад тытунём 70 тыс.га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс.га, пад рысам 200 тыс.га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс.га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн.тцукр. трыснягу, каля 0,5 млн.т рысу, каля 1 млн.т цытрусавых, каля 50 тыс.т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс.т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр. з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн.т цукру-сырцу, потым вытв-сць стала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн. т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс.т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс.т, хромавай руды — 14 тыс.т, меднай — 2 тыс. т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн.т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд.кВт∙гадз (у 1990—14,7 млрд.кВт∙гадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч.прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр. з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс. т. (1995, асн. з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс.чал., даход склаў 1 млрд.дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс.км, у т. л. каля 15 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс.км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд.дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал.гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн.дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд.дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б.СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс.чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс.чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс.чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс.чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс.чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс.чал. у пагран. войсках.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн.навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр.ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-тг. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн.ін-т імя Хасэ А.Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш.Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш.Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.
Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп.паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.Варэла-і-Маралес, Х.А.Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.М.Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.Гомес дэ Авельянеды, А.Суарэса-і-Рамера, С.Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв.кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт.зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.Бальягаса, Х.С.Тальета і інш., проза Л.Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.Піта Радрыгес, А.Х.Кардоса і інш.).
У 1959 створана грамадска-літ.арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.Салера Пуіга, Л.Атэра Гансалеса, М.Кафіньё і інш., паэтаў М.Навара Луны, Э.Дыега, С.Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.Фернандэс Рэтамар, Ф.Хаміс, Л.Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Х.Жычкі і інш.
Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, з унутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. З пач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г.арх. А.Кінтана, А.Радрыгес Пічарда, А.Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар.буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.Рэбельён, Р.М.Франка, Ф.Салінас, Р.Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.
Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.Х.Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.Б.Вермая). У 1818 у Гаване засн.АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.Сіснерас, В.Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.Раманьяч, Р.Лой) і скульптура (Х.Х.Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап.маст. кірункаў (жывапісцы Э.Авела, А.Гаторна, К.Бермудэс, М.Карэньё, скульптар Д.Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.Гансалес, Р.Кінтана, Р.Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.Кабрэра Марэна, О.Янес, А.Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.
Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы з муз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сееілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.Саўмель Рабрэда, І.Сервантэс Каванаг, Н.Р.Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.Ардэваль, А.Граматхес, Э.Марцін, А.Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж.муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.Бланка, К.Фарыньяс, Л.Браўэр і інш. Сучасная прафес.муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.Уайт, К.Х.Д.Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.Гансалес Манцічы, М.Дучэсне Кусан, Р.Санчэс Ферэр, піяніст С.Цьелес, гітарысты Л.Браўэр, Х.Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.Банегас, Х.Парэс, Л.Араўха. Працуюць: Нац.сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац.т-ра, Квартэт імя А.Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз.ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.
Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана з ісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважна ісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.Каваруўяса. Фарміраванне нац.т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л.т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар.т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.Марці, Ф.Гарсіі Лоркі, А.Чэхава, Ж.П.Сартра, Х.Брэне, Э.Кінтэра, Х.Трыяны, Р.Ферэра, А.Эстарына.
Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г.рэж. Э.Д.Кеседа і Р.Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.Івенс (Нідэрланды), Р.Кармэн, М.Калатозаў, С.Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв.дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.Солас) фільмаў.
Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.Ф.Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.Альварэс, О.Вальдэс, П.Вега, Х.Дыяс, Ф.Перэс, М.Флейтас, Б.Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.А.Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.Андрэус, М.Бальмаседа, А.Віньяс, С.Вуд, Д.Гранадас, С.Клакстан, А.Легра, Р.Міравальес, Э.Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».
Літ.:
Очерки истории Кубы. М., 1978;
Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;
Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;
Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;
Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;
Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;
Герб і сцяг Кубы.Да арт.Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.Да арт.Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.Да арт.Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.Да арт.Куба. Будынак Дома-музея Э.Хемінгуэя ў Гаване.Да арт.Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.Да арт.Куба. Ганчар за работай.