КУ́БАРАЎ (Вячаслаў Георгіевіч) (12.7.1931, в. Кочава Яранскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 5.7.1995),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1963). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Масква—Генуя» (1964), «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1969), «Паланез Агінскага» (1971), «Пагаворым, брат» (1979), «Круглянскі мост» (1989), «Пайсці і не вярнуцца» (1992), «Чорны бусел» (1993); тэлефільмаў «Крокі па зямлі» (1968), «Вялікае процістаянне» (1974), «Час-Не-Чакае» (1975), «Дзяржаўная граніца» (1—10 серыі, 1980—86). Аўтар жывапісных карцін «Харчатрад» (1966), «Рыбакі» (1984), «Прыйшоў салдат з фронту» (1989—92), пейзажаў «Вясна ў Жыровічах» (1972), «Прыпяць» (1980), «Вясна ў Вязынцы» (1992), «Лошыца. Сакавік» (1994) і інш.

В.Кубараў Рыбакі. 1984.

т. 8, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)