Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯЧНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від мясц. ацяплення, пры якім памяшканне абаграваецца ўстаноўленымі ў ім абагравальнымі печамі. Найб. старажытны і просты від ацяплення. Цяпло ад згарання паліва ўспрымаецца масівам печы і перадаецца памяшканню. Ахалоджаныя дымавыя газы праз комін выдаляюцца ў атмасферу. П.а. выкарыстоўваюць пераважна ў малапавярховых дамах пасялковага і сельскага тыпу.

т. 13, с. 178

ПЯЧО́НАЧНІКІ,

клас мохападобных, тое, што пячоначныя імхі.

т. 13, с. 178

ПЯЧО́НАЧНІЦА,

род кветкавых раслін, тое, што пералеска.

т. 13, с. 178

ПЯЧО́НАЧНЫЯ ІМХІ́.

пячоначнікі (Marchantiopsida або Hepaticopsida), клас мохападобных. 2 падкл.: маршанцыевыя імхі і юнгерманіевыя імхі. Каля 60 сям., каля 300 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 85 відаў з 43 родаў, 26 сямействаў. Найб. вядомыя маршанцыя, рычыя, блазія, пелія, прэйсія, рыкардыя, рычыякарпус. Растуць пераважна ў вільготных і забалочаных лясах (асабліва ельніках), на кары дрэў, глебе, гнілой драўніне, камянях, на паверхні або ў тоўшчы вады, на агародах і палетках.

Слаявінныя або лістасцябловыя расліны памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Рызоіды аднаклетачныя, ніткападобныя. Гаметафіт мае слаявінную або лістасцябловую форму разнастайнай будовы. Антэрыдыі акруглыя або прадаўгаватыя, на ножцы. Архегоніі размешчаны на асобных бакавых ці брушных галінках. П.м. — першасныя глеба- і торфаўтваральнікі, ахоўваюць глебу ад эрозіі; часам — пустазелле.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;

Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 13, с. 178

Пячонкіна Ганна Сцяпанаўна

т. 18, кн. 1, с. 442

ПЯЧО́РА,

рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.

Вярхоўі ракі Пячора.

т. 13, с. 179

ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.

Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.

т. 13, с. 179

ПЯЧО́РНЫЯ ГАРАДЫ́,

рэшткі пераважна сярэдневяковых комплексаў жылых, гасп., абарончых, пахавальных ці культавых (манастыры, храмы) пабудоў, часткова ў наземных, часткова ў прыродных ці штучна зробленых пячорах.

Вядомы на Балканскім п-ве, у Італіі, Турцыі, Крыме (Эскі-Кермен, Чуфут-Кале, Каламіта, Мангуп), на Каўказе (Уплісцыхе, Вардзія), у Сярэдняй Азіі, Індыі (Аджанта) і Кітаі (Дуньхуан).

Т.​С.​Скрыпчанка.

Да арт. Пячорныя гарады. 1. Пячорны горад Уплісцыхе. Грузія. 1 ст. да н.э. — 11 ст. н.э. 2. Пячорны будысцкі храм Юньган каля г. Датун. Кітай.

т. 13, с. 179

ПЯЧО́РСКАЕ МО́РА,

паўднёва-ўсходняя частка Баранцава м., паміж а-вамі Калгуеў і Вайгач. Глыб. да 210 м. Прылівы няправільныя паўсутачныя. Ад ліст. да чэрв. ўкрыта плывучымі льдамі. Рыбалоўства.

т. 13, с. 179

ПЯЧО́РСКАЯ ГУБА́,

заліў Баранцава м., каля берагоў Расіі. Даўж. каля 100 км, шыр. ад 40 да 120 км, глыб. да 6 м. Каля ўваходу ланцуг дробных астравоў. Упадае р. Пячора. Ад кастр. да чэрв. ўкрыта лёдам. Рыбалоўства (траска і інш.).

т. 13, с. 179