рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс.км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.