марфалагічныя і функцыянальныя прыкметы, якія вызначаюць асн. адрозненні паміж самцом і самкай у жывёл, мужчынам і жанчынай у чалавека Адрозніваюць першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Да першасных П.п. самцоў млекакормячых і чалавека адносяць семяннікі, семяправод, палавы член, прастату, у самак — яечнікі, яйцаводы, матку, похву. Гл. таксама Палавыя органы.
храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т.л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
морфафізіялагічныя працэсы ў палаваспелых самак вышэйшых шматклетачных жывёл і чалавека, якія перыядычна паўтараюцца і звязаны з размнажэннем. Поліцыклічныя жывёлы размнажаюцца на працягу ўсяго года (П.ц. паўтараецца шматразова і бесперапынна). Монацыклічныя жывёлы (насяляюць пераважна ўмераныя і сярэднія шыроты) маюць адзін П.ц. у адзіны рэпрадуктыўны перыяд года. Найб. просты П.ц. (у большасці беспазваночных, рыб, земнаводных і паўзуноў) мае фалікулярную стадыю, на працягу якой адбываецца рост яец, іх выспяванне і вывядзенне ў навакольнае асяроддзе (нераставанне ў рыб і земнаводных, адкладанне яец у паўзуноў). У птушак П.ц. мае 3 стадыі: фалікулярную, стадыю наседжвання знесеных яец і стадыю выкормлівання птушанят. Поўны П.ц. уласцівы плацэнтарным млекакормячым і мае 4 стадыі, у большасці млекакормячых наз. эстральным (цечка), у прыматаў і чалавека — менструальным цыклам. У ганадах самцоў жывёл, што размнажаюцца сезонна, з наступленнем шлюбнага перыяду пачынаецца рост і выспяванне семявых клетак, які завяршаецца адначасова з наступленнем цечкі ў самак. У поліцыклічных жывёл самцы маюць пастаянную патэнцыю, якая рэалізуецца ў залежнасці ад гатоўнасці самкі да спарвання. П.ц. рэгулюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі.
ПАЛА́ГІН (Віктар Андрэевіч) (н. 20.7.1932, г. Арэнбург, Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі дрэваапрацоўкі. Канд.тэхн.н. (1966), праф. (1994). Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (1956). З 1966 у Бел.тэхнал. ун-це (у 1976—89 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні дынамікі працэсаў у прыладах з цеплазалежнымі элементамі (ЦЗЭ), мадэліраванні дынамічных сістэм хім. і дрэваапр. вытв-сцей. Прапанаваў адзіную мадэль розных тыпаў ЦЗЭ. Распрацаваў шэраг канструкцый датчыкаў т-ры і інш. цеплазалежных параметраў.
Тв.:
Переходные процессы в цепях с термисторами. Мн., 1967 (разам з І.Ф.Валошыным);
Автоматика и автоматизация производственных проиессов деревообработки. М., 1993 (разам з В.А.Дарашэнкам, Л.В.Лявонавым).
адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5·1020кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.
ПАЛА́ДЗІН (Аляксандр Уладзіміравіч) (10.9.1885, Масква — 6.12.1972),
украінскі і расійскі вучоны-біяхімік, заснавальнік укр.навук. школы біяхімікаў. Акад.АН Украіны (1929), АНСССР (1942), АМНСССР (1944), ганаровы акад.АН Беларусі (1947) і інш. замежных акадэмій. Герой Сац. Працы (1955). Сын У.І.Паладзіна. Скончыў Пецярб.ун-т (1908). У 1916—54 праф.ВНУ у Кіеве і Харкаве. Адначасова з 1925 у Ін-це біяхіміі АН Украіны (дырэктар). З 1939 віцэ-прэзідэнт, у 1946—62 прэзідэнт АН Украіны. Навук. працы па біяхіміі вітамінаў, мышачнай і нерв.сістэм. Сінтэзаваў аналаг вітаміну К — вікасол, заклаў асновы функцыян. біяхіміі галаўнога мозга. Ленінская прэмія 1929.
ПАЛА́ДЗІН (Уладзімір Іванавіч) (23.7.1859, Масква — 3.2.1922),
расійскі батанік і біяхімік, заснавальнік школы фізіёлагаў і біяхімікаў раслін. Акад. Пецярбургскай АН (1914). Вучань К.А.Ціміразева. Бацька А.У.Паладзіна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1883). У 1889—1914 праф. Харкаўскага, Варшаўскага і Пецярбургскага ун-таў. Навук. працы па дыханні раслін, ролі ферментаў у гэтым працэсе. Даследаваў утварэнне і каардынацыю дзейнасці раслінных ферментаў, працэсы ператварэння бялкоў. Устанавіў розніцу паміж запаснымі бялкамі і бялкамі пратаплазмы, першаснымі і другаснымі прадуктамі іх распаду. Прапанаваў тэорыю дыхання раслін як сістэму ферментатыўных рэакцый.
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа
(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),
італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцгвам Дж.Дж.Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаны арх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл.Паладыянства).
Тв.:
Рус.пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.
Літ.:
Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.
А.Паладыо.А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.