Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЬФРА́МУ КАРБІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні вальфраму з вугляродам. Вядомыя вальфраму карбіды: монакарбід (WC) і гемікарбід (W2C, існуе толькі пры высокіх т-рах).

Монакарбід вальфраму — крышт. рэчыва шэрага колеру, tпл 2776 °C, шчыльн. 15 600 кг/м³. Мае высокую цв., кіслотаўстойлівы, у паветры пры t > 430 °C акісляецца. Атрымліваюць узаемадзеяннем вальфраму з вугляродам пры т-ры 1430—1630 °C у атмасферы вадароду, аднаўленнем аксіду (WO3) вугалем. Выкарыстоўваюць як аснову металакерамічных цвёрдых сплаваў, для легіравання хуткарэзных сталяў, нанясення зносаўстойлівых наплавачных пакрыццяў на метал. паверхні.

т. 3, с. 495

ВАЛЬФСО́Н Мірон Барысавіч

(сапр. Меер Шмера Бенцыянавіч; кастр. 1880, г. Гомель — 22.5.1932),

рэвалюцыянер, грамадскі дзеяч, вучоны-эканаміст. У 1899—1901 чл. Гомельскага к-та сацыял-дэмакратаў, у 1901 арыштаваны і засуджаны да 4 гадоў высылкі ў Якуцію. У 1906 адышоў ад бальшавікоў і далучыўся да меншавікоў. У 1917 меншавік-інтэрнацыяналіст, падтрымліваў Л.Мартава. У кастр. 1917 накіраваны ЦК РСДРП меншавікоў у Гомель для каардынацыі выбарчай кампаніі меншавікоў і бундаўцаў ва Устаноўчы сход. У 1918 выйшаў з радоў меншавікоў, з 1920 чл. РКП(б). У 1920—30-я г. займаўся навук. працай у галіне паліт. Эканоміі; нам. гал. рэдактара 1-га выдання Малой савецкай энцыклапедыі.

Э.А.Ліпецкі.

т. 3, с. 495

ВАЛЬФСО́Н Сямён Якаўлевіч

(8.6.1894, г. Бабруйск — 1941),

бел. філосаф. Акад. АН Беларусі (1928), праф. (1921). Скончыў Кіеўскі ун-т (1919). З 1921 праф. БДУ, з 1931 дырэктар Ін-та філасофіі і права, акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў пытанні гісторыі філасофіі, праблемы сям’і і шлюбу, навукі і культуры. Асн. працы «Інтэлігенцыя як сацыяльна-эканамічная катэгорыя» (1926), «Сучасная рэлігійнасць» (1930), «Супраць расавых тэорый» (1935), «Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці» (1937) і інш. Чл. ЦВК БССР у 1929—38.

т. 3, с. 495

ВАЛЬХА́ЛА, вальгала,

валгала, у скандынаўскай міфалогіі нябесны палац Одзіна, куды трапляюць храбрыя воіны, якія загінулі ў бітве. У вальхале яны балююць і працягваюць ранейшае гераічнае жыццё. Асвятлялі вальхалу бліскучыя мячы.

т. 3, с. 495

ВАЛЬЦО́ВЫ СТАНО́К,

станок для здрабнення зерня (пшаніцы, жыта і інш. збожжавых культур), прамежкавых прадуктаў, а таксама солі, мінер. угнаенняў, какава-прадуктаў і інш. матэрыялаў. Мае пару або дзве пары вальцаў, якія верцяцца насустрач адзін аднаму. Вальцовыя станкі з наразнымі вальцамі выкарыстоўваюцца для грубага здрабнення, з гладкімі — для тонкага памолу.

т. 3, с. 495

ВАЛЬЦО́ЎКА, вальцаванне,

1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз. таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.

3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.

4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.

5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.

т. 3, с. 495

ВАЛЬЧУ́К Эдуард Антонавіч

(н. 28.5.1936, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне сац. гігіены і арганізацыі аховы здароўя. Д-р мед. н., праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1982 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1987 дэкан). Навук. працы па пытаннях арганізацыі мед. абслугоўвання сельскага насельніцтва. Распрацаваў методыку мед. рэабілітацыі ў лячэбна-прафілактычных установах.

т. 3, с. 495

ВАЛЬЯДАЛІ́Д

(Valladolid),

горад на Пн Іспаніі, на р. Пісуэрга і Кастыльскім канале. Адм. ц. прав. Вальядалід. Вядомы з 10 ст. 330,7 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аўта- і трактарабудаванне; алюм., харч. (пераважна мукамольная), цэментавая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), шарсцяная, гарбарная прам-сць. Вытв-сць ювелірных вырабаў. Ун-т (з 1346). Арх. помнікі 11 — 18 ст. Музей Сервантэса. Архіепіскапства.

т. 3, с. 495

ВАЛЮКЕ́ВІЧ Генадзь Іванавіч

(н. 1.6.1958, в. Ліпск Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка — трайны скачок). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1980). Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні (1979) і сярод юніёраў (1977), Спартакіяды народаў СССР (1979). Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Лепшы вынік — 17,29 м (1979, вышэйшае сусв. дасягненне для залаў).

т. 3, с. 495

ВАЛЮ́МІНА ЛЕ́ГУМ

(лац. Volumina legum збор законаў. Другі тытул: «Prawa, konstytucye y przywileie Królestwa Polskiego, y Wielkiego Xięstwa Litewskiego, y wszystkich prowincyi nalezących, na walnych seymach Koronnych od seymu Wiślickiego roku pańskiego 1347 aż do ostatniego seymu uchwalone»),

шматтомны збор законаў, сеймавых пастаноў, прывілеяў і інш. заканад. актаў, якія дзейнічалі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793—95. Змяшчае без каментарыяў акты на польск. і лац. мовах, узятыя з арыгінальных крыніц і з прац асобных аўтараў. Выданне неафіцыйнае і не з’яўляецца поўным зборам законаў. Прызначалася для практычнай арыентацыі ў заканад. матэрыяле юрыстаў, службовых і інш. асоб. Упершыню т. 1—6 (акты 1347—1736) выдадзены ордэнам піяраў у Варшаве ў 1732—39, т. 7—8 (акты 1764—80) — у 1782. Гэтыя 8 тамоў перавыдаў у 1859—60 у Пецярбургу І.П.Агрызка. У 1889 у Кракаве выйшаў т. 9 (акты 1782—92), у 1952 у Познані — т. 10 (з матэрыяламі Гродзенскага сейма 1793).

т. 3, с. 495