ВАЛЬЦО́ЎКА,

вальцаванне, 1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз. таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.

3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.

4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.

5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)