Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.​Ф.​Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.

Г.​І.​Барышаў.

т. 13, с. 135

ПУЦІ́ЎЛЬ,

горад у Сумскай вобл., на Украіне, на р. Сейм (бас. р. Дняпро), за 24 км ад чыг. станцыі Пуціўль. 19,5 тыс. ж. (1991). Харч. прадпрыемствы. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 16—18 ст.: Малчанскі (16—19 ст.) і Спаскі (17 — пач. 18 ст.) манастыры, царква Міколы Казацкага (18 ст.).

Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146; крэпасць для абароны Кіеўскай Русі ад набегаў полаўцаў. У 2-й пал. 12 ст. цэнтр аднайм. княства. Апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1356 у складзе ВКЛ. У 1500 вял. кн. Іван III Васілевіч далучыў П. да Рус. дзяржавы. У час польскай і шведскай інтэрвенцыі пачатку 17 стагоддзя заняты войскамі Рэчы Паспалітай. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 адышоў да Расіі. У 18 — пач. 20 ст. павятовы горад, з 1769 у Курскай губ. З 1926 у складзе Укр. ССР. З 1932 у Чарнігаўскай, з 1939 у Сумскай абл. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—43). Каля П. быў створаны Пуціўльскі партыз. атрад пад камандаваннем С.А.Каўпака.

т. 13, с. 135

ПУЦЦІ (італьян. putti, мн. л. ад putto літар. дзіця),

выявы маленькіх хлопчыкаў, часам крылатых; улюблёны дэкар. матыў у мастацтве Адраджэння, а таксама 17—18 ст. П., якія спалучалі рысы ант. эротаў і хрысц. анёлаў, сведчылі пра зацвярджэнне ў мастацтве пачуццёвага, свецкага пачатку. Выявы П. сустракаюцца ў застаўках некат. выданняў Ф.​Скарыны (Прага, 1518—19). Найб. пашыраны ў скульпт. аздабленні інтэр’ераў бел. храмаў 18 ст. (лепка, разьба па дрэве); гал. і бакавыя алтары Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, інтэр’еры касцёлаў аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, Троіцкай царквы ў в. Вольна Баранавіцкага р-на і інш.

Пуцці.

т. 13, с. 135

ПУ́ЦЬКІ,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., на р. Проня. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад горада і 12 км ад чыг. ст. Чавусы, 49 км ад Магілёва. 441 ж., 175 двароў (2000). Піларама. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 135

ПУЦЭ́ВІЦКАЯ ГАРА́,

геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 150 м на Пн ад в. Пуцэвічы, паміж вёскамі Мітраполь і Грабнікі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Выш. да 321,9 м, даўж. 750 м, шыр. 600 м, пл. 0,85 км². П.г. — купалападобнае ўзняцце (гляцыякупал), што ўтварылася каля 220—150 тыс. г. назад паміж лопасцямі на краю ледавіка пры выцісканні супескаў ў вышэйляжачую тоўшчу пяску, пясчана-жвірова-галечных і марэнных адкладаў.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 135

ПУЦЯВЫ́Я ЗНА́КІ,

паказальнікі, устаноўленыя ўздоўж чыг. ліній, якія інфармуюць машыністаў і работнікаў чыг. транспарту аб канкрэтных умовах руху і стане шляху. На іх найчасцей пазначаюць працягласць лініі, асаблівасці яе профілю, рэжым руху, месцазнаходжанне пуцявых збудаванняў і інш. Бываюць кіламетровыя з пазначэннем наступнага і папярэдняга кіламетраў, пікетныя (паміж кіламетровымі), схілапаказальныя (паказваюць лікавае значэнне нахілу і яго працягласць) і спецыяльныя.

т. 13, с. 135

ПУЦЯВЫ́Я МАШЫ́НЫ,

машыны і механізмы для буд-ва, рамонту і абслугоўвання чыгуначнага пуці. Выкарыстоўваюцца для: баласціроўкі пуці (электрабаласцёры. хоперы-дазатары, пуцепад’ёмнікі, трактарныя дазіроўшчыкі), ачысткі і ўшчыльнення баласту, выпраўкі пуці (шчэбенеачышчальныя, шпалападбівачныя, баластаўшчыльняльныя, выправачна-падбівачна-аддзелачныя і пуцерыхтовачныя машыны), зваркі і шліфоўкі рэек, зборкі і разборкі звёнаў, укладкі пуці (рэйказварачныя, звёназборачныя і звёнаразборачныя машыны, маторныя гайкавёрты, рэйка- і пуцеўкладчыкі), рамонту землянога палатна (пуцявыя стругі, дрэнажныя і земляўборачныя машыны), кантрольна-вымяральных работ (пуцевымяральныя і дэфектаскопныя вагоны і цялежкі), барацьбы са снежнымі заносамі (плугавыя і ротарныя снегаачышчальнікі, снегаўборачныя машыны), транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ (самаразгружальныя вагоны, дрызіны, матавозы, пуцерамонтныя лятучкі і інш.). Бываюць самаходныя і несамаходныя, на рэйкавым і гусенічным хаду, з аўтаномнай энергет. базай (да якой падключаюцца ўсе рухавікі) і неаўтаномнай (эл. энергія і сціснутае паветра паступаюць ад спец. лакаматыва).

П.м. пачалі выкарыстоўвацца ў 18 ст. (у Расіі іх выкарыстоўвалі пры буд-ве руднічных рэйкавых дарог), з 1840-х г. — пры ачыстцы пуцей ад снегу, з 1860-х г. — пры адсыпцы баласту (самаразгружальныя паўвагоны). З 1880 амаль усе пуцеўкладачныя работы механізаваны.

На Беларусі рамонтам і мадэрнізацыяй П.м. займаецца Пінскі з-д пуцявых машын.

І.​І.​Леановіч.

Пуцявыя машыны: а — камплект машын для капітальнага рамонту пуці паточным метадам (1 — пуцеразборачны поезд; 2 — баластаачышчальная машына; 3 — пуцеўкладачны поезд; 4, 6 — хопер-дазатарныя вяртушкі; 5 — выправачна-падбівачна-аддзелачная машына); б — пуцерамонтная лятучка; в — пуцявая ўборачная машына; г — шпіндэль маторнага гайкавёрта.

т. 13, с. 136

ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,

від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).

Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл. Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л. касм. базіравання.

Літ.:

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

І.​М.​Быкаў.

т. 13, с. 136

ПУЧКО́Ў (Анатоль Андрэевіч) (н. 20.4.1936, станіца Раднікоўская Курганінскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1970), праф. (1994). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1970 у Гомельскім тэхн. ун-це (у 1981—87 прарэктар). Навук. працы па аўтаматызацыі тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму распрацоўкі нарматываў часу, сістэму аўтаматызаванага праектавання арганізацыі працы вытв. брыгады.

Тв.:

Базовая система микроэлементных нормативов времени. М., 1989;

Практикум по токарным робототехнологическим комплексам. Мн., 1992.

т. 13, с. 136

ПУЧКО́Ў (Герман Фёдаравіч) (н. 3.1.1936, с. Братаўшчына Пушкінскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне суд. медыцыны. Д-р мед. н. (1979), праф. (1982). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Мінскім мед. ін-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па медыка-сац. аспектах смерці людзей у дзіцячым і юнацкім узросце, малекулярна-генет. ідэнтыфікацыі чалавека і біял. аб’ектаў.

Тв.:

Служебное и уголовное разбирательство профессиональных правонарушений медицинских работников // Организационно-правовые основы врачебной деятельности. Мн., 1991;

Исследование трупов новорожденных (разам з У.​Р.​Навуменкам) // Судебно-медицинское исследование трупа. М., 1991.

т. 13, с. 136