ПУЦЦІ (італьян. putti, мн. л. ад putto літар. дзіця),
выявы маленькіх хлопчыкаў, часам крылатых; улюблёны дэкар. матыў у мастацтве Адраджэння, а таксама 17—18 ст. П., якія спалучалі рысы ант. эротаў і хрысц. анёлаў, сведчылі пра зацвярджэнне ў мастацтве пачуццёвага, свецкага пачатку. Выявы П. сустракаюцца ў застаўках некат. выданняў Ф.Скарыны (Прага, 1518—19). Найб. пашыраны ў скульпт. аздабленні інтэр’ераў бел. храмаў 18 ст. (лепка, разьба па дрэве); гал. і бакавыя алтары Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, інтэр’еры касцёлаў аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, Троіцкай царквы ў в. Вольна Баранавіцкага р-на і інш.