ПРА́Я (Praia),
горад, сталіца Рэспублікі Каба-Вердэ, на паўд. беразе в-ва Сант’ягу. Засн. ў канцы 15 ст. 68 тыс. ж. (1995). Порт на Атлантычным ак., вузел марскіх трансатлантычных сувязей. Прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. З-ды — жал.-бетонных керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў; ф-кі — тэкст., швейная, абутковая, мэблевая. Саматужна-мастацкія майстэрні. Прадпрыемствы па зборцы з імпартаваных дэталей эл.-быт. прылад. Мед. цэнтр па барацьбе з праказай.
т. 13, с. 36
ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,
пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.
Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).
т. 13, с. 36
«ПРА БАГА́ЦТВА ДЫ БЕ́ДНАСЦЬ».
перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з укр. брашуры С.А.Падалінскага (1875, 2-е выд. 1876), выдадзены ў Жэневе ў 1881 з дапамогай М.П.Драгаманава, які напісаў да бел. выдання прадмову. У творы элементы маст. прозы спалучаны з агітацыйна-прапагандысцкім зместам, выкладаецца марксісцкае вучэнне пра крыніцы росту капіталу і дадатковую вартасць. Дасведчаны рабочы-чыгуначнік Кастусь тлумачыць сваім сябрам, што для паляпшэння жыцця трэба зямлю, фабрыкі і заводы зрабіць грамадскай уласнасцю, ліквідаваць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Пераклад дапасаваны да бел. умоў і нар. побыту, значна ўзмоцнены маст. элемент (пейзажныя замалёўкі, партрэты дзейных асоб больш яркія і вобразныя). У творы жывая лексіка, шмат нар. зваротаў і трапных вобразаў, удала перададзены фанетычныя асаблівасці бел. мовы, што сведчыць пра дасканалае валоданне роднай мовай перакладчыкам.
Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Літ.:
Александровіч С.Х.Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
С.Х.Александровіч.
т. 12, с. 523
ПРОЦІРАКЕ́ТНАЯ АБАРО́НА (ПРА),
комплекс сіл і сродкаў, а таксама мерапрыемствы і баявыя дзеянні па адбіцці ракетна-ядз. ўдару шляхам паражэння ракет і іх баявых частак на траекторыі палёту. У склад сістэмы ПРА уваходзяць: сродкі далёкага выяўлення балістычных ракет, проціракетныя комплексы рознай далёкасці дзеяння, комплекс вылічальных сродкаў, сродкі перадачы інфармацыі. Асн. этапы выканання баявой задачы: выяўленне ракет у палёце і іх распазнанне, вызначэнне параметраў траекторый руху ракет, іх перахоп і знішчэнне, у т. л. проціракетамі. Адрозніваюць сістэмы ПРА: тэрытарыяльную (абарона краіны), занальную (абарона буйных раёнаў), аб’ектавую (абарона адм., прамысл. і ваен. аб’ектаў), вайсковую (абарона войск). З 1980-х г. у некат. краінах у мэтах ПРА распрацоўваецца касмічная зброя. (Гл. Стратэгічная абаронная ініцыятыва.).
А.А.Салаўёў.
т. 13, с. 46