Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),

род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Птэрыгінандрум ніткападобны.

т. 13, с. 113

ПТЭРЫДАСПЕ́РМЫ (Pteridospermae, або Cycadofilices),

насенныя папараці, падклас, па інш. сістэматыцы клас (Pteridospermopsida) стараж. вымерлых голанасенных. 6 парадкаў. Існавалі ў познім дэвоне — раннім меле. Узялі пачатак ад прагімнаспермаў. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі роду Archaeopteris (споры) выяўлены ў адкладах верхняга дэвону.

Былі прадстаўлены дрэвавымі, ліянападобнымі і травяністымі формамі. Мелі лісце папарацепадобнага тыпу (часам адбіткі лісця П. не адрозніваюцца ад лісця сапр. папарацей, пазбаўленых спарангіяў). У адрозненне ад большасці інш. голанасенных не мелі выразных муж. ці жан. стробілаў. Размнажаліся насеннем, якое размяшчалася па адным на канцах парасткаў. Розныя групы П., магчыма, далі пачатак бенетытам, цыкадавым, хвойным.

т. 13, с. 113

ПУА́З,

адзінка дынамічнай вязкасці і каэфіцыента ўнутранага трэння ў сістэме СГС. Абазначаецца П. 1 П = 0,1 Па∙с (гл. Паскаль). Назва ад імя Ж.Л.Пуазёйля.

т. 13, с. 113

ПУАЗЁЙЛЬ, Пуазёй (Poiseuille) Жан Луі Мары (22.4.1799, Парыж — 26.12.1869), французскі ўрач і фізік. Чл. Франц. мед. акадэміі (1842). Вучыўся ў Політэхн. школе ў Парыжы. Навук. працы па фізіялогіі дыхання, дынаміцы кровазвароту, малекулярнай фізіцы і гідраўліцы. Выкарыстаў ртутны манометр для вымярэння крывянога ціску ў жывёл (1828). Эксперыментальна ўстанавіў закон выцякання вадкасці (гл. Пуазёйля закон). У гонар П. названа адзінка дынамічнай вязкасці — пуаз.

Літ.:

Воларович М.П. Работы Пуазейля о течении жидкости в трубах // Изв. АН СССР. Сер. физ. 1947. Т. 11, № 1.

т. 13, с. 113

ПУАЗЁЙЛЯ ЗАКО́Н,

закон выцякання вадкасці праз тонкую цыліндрычную трубку. Паводле П.з. аб’ём вадкасці Q, што працякае за адзінку часу праз папярочнае сячэнне трубкі дыяметрам d, вызначаецца формулай: Q = k p p0 l d4 , дзе p і p0 — ціск на ўваходзе ў трубку і выхадзе з яе адпаведна, l — даўжыня трубкі, k = π 128η — велічыня, звязаная з каэфіцыентам дынамічнай вязкасці η. Устаноўлены эксперыментальна Ж.Л.М.Пуазёйлем у 1840, сувязь велічынь k і η вызначана Дж.Г.Стоксам у 1851. П.з. выконваецца для ламінарнага цячэння вадкасці, выкарыстоўваецца ў вісказіметрыі.

т. 13, с. 113

ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Жуль Анры) (29.4.1854, г. Нансі, Францыя 17.7.1912),

французскі матэматык, фізік і астраном. Чл. Парыжскай АН (1887), Французскай акадэміі (1909). Скончыў Політэхн. (1875) і Горную (1879) школы. З 1881 у Парыжскім ун-це (з 1886 праф.), адначасова з 1893 чл. Бюро даўгот. Навук. працы па тэорыі лікаў, алгебры, тапалогіі, тэорыях функцый, дыферэнцыяльных ураўненняў і імавернасцей, матэм. і тэарэт. фізіцы, нябеснай механіцы і касмагоніі, метадалогіі навук. пазнання. Пабудаваў якасную тэорыю дыферэнцыяльных ураўненняў, распрацаваў тэорыю інтэгральных інварыянтаў і інш. Адкрыў аўтаморфныя функцыі ад адной камплекснай пераменнай (1883) і распрацаваў іх тэорыю. Увёў асн. паняцці камбінаторнай тапалогіі, даў уласную інтэрпрэтацыю геаметрыі Лабачэўскага (1882). Вызначыў фігуры важкіх вадкасцей пры іх вярчэнні ва ўласным гравітацыйным полі, даказаў існаванне фігур раўнавагі, адрозных ад эліпсоіда-, кольца- і грушападобных і даследаваў іх устойлівасць. Незалежна ад А.Эйнштэйна развіў матэм. асновы спец. тэорыі адноснасці, увёў тэрмін «Лорэнца пераўтварэнні». Даследаваў праблемы цеплаправоднасці, электрамагнетызму, оптыкі, тэорыі пругкасці, тэорыі патэнцыялу. Залаты медаль Каралеўскага астр. т-ва (1900). Імем П. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Рус. пер. — О кривых, определяемых дифференциальными уравнениями. М.; Л., 1947;

Лекции по небесной механике. М., 1965;

Избр. труды. Т. 1—3. М., 1971—74;

О науке. 2 изд. М., 1990.

Літ.:

Тяпкин А.А., Шибанов А.С. Пуанкаре. 2 изд. М., 1982.

М.​М.​Касцюковіч.

А.Пуанкарэ.

т. 13, с. 113

ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Раймон) (20.8.1860, г. Бар-ле-Дзюк, Францыя — 15.10.1934),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Вучыўся ў Парыжскім ун-це. У 1887—1903 дэп. парламента, у 1903—13 і з 1920 сенатар. З 1893 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1912—13, 1922—24 і 1926—29 прэм’ер-міністр, у 1913—20 прэзідэнт Францыі. Праводзіў мілітарысцкую палітыку (празванне «П.-вайна»), Мацуючы франка-рас. саюз супраць Германіі, у 1912 і 1914 наведаў Пецярбург. У 1918—20 адзін з арганізатараў антысав. інтэрвенцыі, стваральнікаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Дамагаўся ваен. і эканам. гегемоніі Францыі ў Еўропе. З 2-й пал. 1920-х г. стаў на шлях збліжэння з Германіяй, каб выкарыстаць яе ў барацьбе супраць СССР. Аўтар мемуараў.

т. 13, с. 114

ПУАНСО́ ((Poinsot) Луі) (3.1.1777, Парыж — 5.12.1859),

французскі матэматык і механік. Чл. Парыжскай АН (1813). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1797), дзе з 1809 працаваў прафесарам. Пэр Францыі (1846), сенатар (1852). Навук. працы па тэорыі правільных зорчатых мнагаграннікаў («цел П.») і геам. метадах даследавання мех. сістэм. На аснове тэорыі пары сіл пабудаваў геам. статыку, дзе сфармуляваў умовы раўнавагі цвёрдых цел і іх сістэм. Вывеў тэарэму аб вярчэнні цвёрдага цела вакол нерухомай восі пры адсутнасці знешніх сіл (1834), увёў паняцце эліпсоіда інерцыі.

Тв.:

Рус. пер. — Начала статики. М.;

Пг., 1920.

т. 13, с. 114

ПУАНСО́Н (франц. poinęon),

1) у металаапрацоўцы — адна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.

2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.

т. 13, с. 114

ПУА́НТЫ (ад франц. pointe вастрыё, кончык),

балетныя туфлі з цвёрдым наском. Танец на П. — танец на кончыках пальцаў пры выцягнутым пад’ёме нагі. Упершыню скарыстала М.Тальёні.

т. 13, с. 114