Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,

час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск Арфаэпія. Мн., 1991.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 13, с. 34

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,

працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.

Дз.​М.​Кудзелька.

т. 13, с. 34

ПРАЦЯ́ЖКА ў металаапрацоўцы,

1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).

2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.

3) Тое, што выцяжка.

В.​І.​Шагун.

Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.

т. 13, с. 35

ПРАЦЯ́ЖНІК,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 13, с. 35

ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,

асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш. нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл. Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;

Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;

Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 13, с. 35

ПРАЦЯЖНЫ́ СТАНО́К,

металарэзны станок для апрацоўкі паверхняў рознай формы працягваннем.

П.с. класіфікуюць: па кампаноўцы (гарыз. і верт.); прызначэнні (унутранага і вонкавага працягвання); характары адноснага руху рабочага органа (са зваротна-паступальным і паступальным па замкнёным контуры); колькасці рабочых органаў (адзінарныя і здвоеныя (дуплексы)); ступені механізацыі (звычайныя, паўаўтаматы, аўтаматы); ступені універсальнасці (агульнага прызначэння, спецыяльныя і спецыялізаваныя). Найб. пашыраныя: П.с. гарыз. (выкарыстоўваюць для ўнутранага працягвання) і верт. (для працяжных работ).

На Беларусі вырабляюцца на Мінскім станкабуд. з-дзе імя С.​М.​Кірава.

В.​І.​Шагун.

т. 13, с. 35

ПРАЧЫ́СТАЯ,

летняе свята нар. календара, якое адзначалі 15 жніўня с.ст.; адно з дванадзесятых святаў. Правасл. царква прымеркавала да гэтага дня Успенне Багародзіцы. Наз. таксама «успленне», «спажа», «зельная». Назва «успленне» і «спажа» ў народзе тлумачыліся тым, што ў садах спелі плады, а на палетках — збажына. У гэты дзень у царкве асвячалі зерне, зеляніну. Асвечанае жыта перамешвалі з насеннем, каб на наступны год прычакаць добрага ўраджаю. У нар. фальклоры беларусаў П. згадваецца ў сувязі з падвядзеннем вынікаў працы селяніна: «Прачыста снапкі падае», «Свята Прачыста — у полі ўрачыста», «Спажа́ — хлеба дзяжа». Сеялі азімыя, пра што прыгадвала прыказка «Успенне — ці гатова насенне?». П. звычайна называлі першай або вялікай у адрозненне ад другой (меншай) П. — багача, прымеркаванай да Раства Багародзіцы, якое адзначалася 21 жніўня с.ст.

т. 13, с. 35

ПРАЧЫ́ЦКІ Нікадзім, бел. мастак 18 ст. Жыў у в. Жыровічы Слонімскага р-на Брэсцкай вобл. У 1750 выканаў абраз «Цуд Георгія аб змеі».

т. 13, с. 35

ПРАШЛЯКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (18.2.1901, с. Галянішчава Сапажкоўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 12.12.1973),

савецкі военачальнік. Маршал інж. войск (1961), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1920. Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1931 і 1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У 1933—38 служыў у інж. войсках БВА. З вер. 1939 нач. інж. войск 4-й арміі, у складзе якой удзельнічаў у вызв. паходзе сав. войск у Зах. Беларусь (вер. 1939), кіраваў работамі па інж. абсталяванні зах. граніцы СССР, буд-ву Брэсцкага ўмацаванага р-на, рэканструкцыі Дняпроўска-Бугскага канала. У пач. Вял. Айч. вайны арганізоўваў інж. забеспячэнне абароны сав. войск каля Бабруйска і Магілёва, у ліп. 1941 — студз. 1942 нам. нач. інж. ўпраўлення Цэнтр. і Бранскага франтоў. У 1942—45 нам. камандуючага — нач. інж. войск Паўд., Сталінградскага, Данскога, Цэнтр., Бел., 1-га Бел. франтоў. Удзельнічаў у забеспячэнні паспяховага фарсіравання Дняпра, Бярэзіны, Друці і Зах. Буга. Арганізаваў інж. забеспячэнне войск 1-га Бел. фронту ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1945). Пасля вайны на адказных пасадах у інж. войсках, у 1952—65 нач. інж. войск Сав. Арміі.

т. 13, с. 35

ПРА́ШЧА,

старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.

Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.

т. 13, с. 35