Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЙН РЫД (Mayne Reid) Томас, гл. Рыд Томас Майн.

т. 9, с. 520

МАЙРО́НІС (Maironis; сапр. Мачуліс Іонас; 2.11.1862, Пасандравіс Каўнаскага пав., Літва — 28.6.1932),

літоўскі паэт; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1892), у 1894—1909 праф. гэтай акадэміі. Друкаваўся з 1885. У зб. вершаў «Галасы вясны» (1895) — гіст. мінулае Літвы, хараство роднага краю, нац.-вызв. матывы, ідэі нац. адраджэння. Аўтар вершаў, паэм філас., інтымнай тэматыкі, вершаванай гіст. драм. трылогіі «Смерць Кейстута» (1921), «Вітаўт у крыжакоў» (паст. 1925), «Вітаўт — кароль» (паст. 1930). Лірыка М. адметная эмацыянальнай напружанасцю, рамантычнай узнёсласцю, маст. завершанасцю вобразаў. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Р.Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Крыўляка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 28.10.1941, г. Гомель),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). З 1972 выкладаў у Гомельскім муз. вучылішчы. З 1974 саліст Свярдлоўскага, з 1981 — Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго творчасці ўласцівы драм. асэнсаванасць сцэн. паводзін, вял. ўнутр. экспрэсія пры стрыманасці вонкавага сцэн. малюнка. Сярод партый: Міхал («Новая зямля» Ю.Семянякі), Вял. князь Міндоўг («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Мастак («Візіт дамы» С.Картэса), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Томскі, Эбн Хакія («Яўген Ансгін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Рыгалета, Жэрмон, Аманасра, Макбет і Яга («Рыгалета», «Травіята», «Аіда», «Шэкспір і Вердзі» паводле опер «Макбет», «Фальстаф» і «Атэла» Дж.Вердзі), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» ВА.Моцарта), Дзянісаў і Напалеон, Стэньё («Вайна і мір», «Мадалена» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» Картэса, «Францыск Скарына» Дз.Смольскага.

В.І.Скорабагатаў.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Фёдар Патапавіч) (20.2.1894, в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 9.12.1979),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (1925). У 1939—71 заг. лабараторыі Бел. НДІ лясной гаспадаркі. Навук. працы па лясной таксацыі. Прапанаваў метад таксацыі лесасечнага фонду, склаў сартыментныя табліцы для лясгасаў.

Тв.:

Таблицы для сортиментного учета леса на корню. 4 изд. Мн., 1972.

т. 9, с. 521

МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),

расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял. Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Літ.:

Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;

Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.

В.Я.Буйвал.

Я.Майсеенка. Камісар. 1969.

т. 9, с. 521

Майсеенка Уладзімір Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 424

МАЙСЕ́ЕЎ (Іван Цімафеевіч) (16.8.1910, в. Вялюнь Брэсцкага р-на — 12.2.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1928. З 1943 на 2-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Капітан М. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні р. Ціса на тэр. Венгрыі: 6 ліст. батальён на чале з М. пад варожым агнём пераправіўся цераз раку, выбіў праціўніка з траншэй, прайшоў з баямі 18 км, захапіў у палон 180 гітлераўцаў.

І.Ц.Майсееў.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЕЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 21.1. 1906, Кіеў),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Ганаровы чл. Акадэміі танца ў Парыжы (1955). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1924). У 1924—39 характарны танцоўшчык і балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. З 1937 арганізатар, кіраўнік і пастаноўшчык усіх праграм Ансамбля народнага танца Расіі. Сярод пастановак: «Палавецкія танцы» і «Свята працы» (1978), «На катку» (1980, экранізацыя ТБ 1982), «Ноч на Лысай гары» на муз. М.Мусаргскага (1984), «Таверна» (1986), «Па краінах свету» (1960—89), цыкл з 30 замежных танцаў (1960—91), «Грэчаская сюіта» на муз. М.Тэадаракіса (1991), «Яўрэйская сюіта» (1994) і інш. Аўтар харэаграфічнай рэдакцыі бел. нар. танца «Бульба»; паставіў танец «Юрачка» і вак.-харэаграфічную карцінку «Як той Зосі давялося» ў Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі (1952). Стваральнік (1966) і першы маст. кіраўнік (да 1970) харэаграфічнага канцэртнага ансамбля «Малады балет». Аўтар артыкулаў па пытаннях танц. мастацтва. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Вечны рух» («Perpetuum mobile», 1967), тэлефільм «Балет Ігара Майсеева» (1982). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1985. Дзярж. прэмія Расіі 1995. Незалежная прэмія «Трыумф» 1997.

Літ. тв.: Я вспоминаю...: Гастроль длиною в жизнь. М., 1996.

Літ.:

Луцкая Е. Воплощение мечты // Муз. жизнь. 1986. №1;Андроников И. Торжество танца // Андроников И. К музыке. М., 1977.

І.А.Майсееў.

т. 9, с. 522

МАЙСЕ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 37 км на Пн ад горада і 42 км ад чыг. ст. Барысаў, 113 км ад Мінска. 488 ж., 152 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 522