ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Андрыес Вільхельмус Якобус) (27.11.1798, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 23.7.1853),
бурскі ваен. і паліт. дзеяч у час перасялення бураў (афрыканераў) з Капскай калоніі на Пн ад р. Аранжавая. Узначаліў бураў у 1838 пасля гібелі іх лідэра П.Рэтыфа. У снеж. 1838 камандаваў атрадамі бураў, якія перамаглі зулусаў у бітве на р. Інкоме. У студз. 1852 падпісаў з англічанамі Сандрыверскую канвенцыю, паводле якой тыя прызнавалі незалежнасць бураў на Пн ад р. Вааль, дзе ў 1856 была створана Паўд.-Афр. Рэспубліка (гл. Трансвааль). Ад яго імя паходзіць назва г. Прэторыя.
т. 13, с. 96
ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Марцінус Веселс) (17.9.1819, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 19.5.1901),
палітычны дзеяч бурскіх рэспублік. Сын А.В.Я.Прэторыуса. Адзін з заснавальнікаў Паўд.-Афр. Рэспублікі (гл. Трансвааль), яе прэзідэнт у 1857—60 і 1864—71. У 1860—63 прэзідэнт Аранжавай свабоднай дзяржавы. Адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць брыт. акупацыі (1878—81). У 1881—83 чл. кіруючага трыумвірату Трансвааля.
т. 13, с. 96
ПРЭТО́РЫУС [Praetorius; сапр. Шультхайс
(Schultheiß)] Міхаэль (15.2.1571 ці 1572, г. Кройцбург, Германія — 15.2.1621),
нямецкі кампазітар, арганіст, муз. тэарэтык. З 1604 прыдворны капельмайстар. У ням. музыку ўвёў шматхорны канцэрт, адным з першых у Германіі выкарыстаў генерал-бас. У творчасці абапіраўся на традыцыі венецыянскай школы. Пісаў свецкую і царк. музыку на ням. і лац. тэксты. Яго вак. і арганныя творы змешчаны ў зб-ках «Musae Sioniae» (т. 1—9, 1605—10), «Musarum Sioniarum Motectae et Psalmi latini» (1607), «Тэрпсіхора» (1612). Аўтар энцыклапедычнай працы «Syntagma musicum» (т. 1—3, 1614—20), у якой сістэматызаваў муз.-тэарэт., гіст. і практычныя звесткі эпохі.
Літ.тв.: Рус. пер. — У кн.: Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971.
т. 13, с. 96
ПРЭТО́РЫЯ (Pretoria),
горад, сталіца Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і адм. ц. правінцыі. Знаходзіцца на ПнУ краіны, на выш. каля 1700 м. 1080,2 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., фін. і культ. цэнтр, росту якога спрыяла блізкасць горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. Гал. цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтазборка, вытв-сць эл. абсталявання, веласіпедаў; тэкст., хім., цэм., тытунёвая, гарбарна-абутковая, харч., дрэваапрацоўчая. Паблізу — здабыча алмазаў, жал. руды, каменнага вугалю. Цэнтр ядз. даследаванняў. 2 ун-ты, Ін-т Паўд. Афрыкі, Паўд.-Афр. акадэмія навук і мастацтваў. Музеі: Трансвааля, гісторыі нац. культуры, маст. галерэя і інш. Абсерваторыя. У наваколлі — мемарыял першым трансваальскім пасяленцам-бурам.
Засн. ў 1855 як умацаванае паселішча перасяленцаў-бураў, якія каланізавалі землі на Пн ад р. Вааль. Названа ў гонар кіраўніка бураў Х.В.Я.Прэторыуса. З 1860 сталіца бурскай рэспублікі Трансвааль. У 1897 вакол П. пабудаваны форты, каб абараніць горад ад англічан, якія наваднілі Вітватэрсранд. дзе з 1883 пачалася здабыча золата. Развіццё П. паскорана буд-вам чыгункі да Кейптаўна, Дурбана (1893) і Ларэнсу-Маркіша (1895, цяпер Мапуту, Мазамбік). Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902, калі буры прызналі заваяванне Вялікабрытаніяй рэспублік Трансвааль і Аранжавая, П. захавала функцыі адм. цэнтра. З 1910 сталіца Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспублікі). Індустр. развіццё пачалося пасля будаўніцтва ў 1934 у П. першага ў Афрыцы металург. камбіната. П. — рэзідэнцыя цэнтр. дзярж. органаў, парламент збіраецца ў Кейптаўне.
т. 13, с. 97
ПРЭТЭНДЭ́НТ [ад лац. praetendens (praetendentis)],
той, хто прэтэндуе на атрыманне якой-н. пасады, звання, узнагароды і да т.п., мае падставы на валоданне чым-н., атрыманне чаго-небудзь.
т. 13, с. 97
ПРЭТЭ́НЗІЯ (ад позналац. praetensio дамаганне, патрабаванне),
1) дамаганне, заява на валоданне чым-н.
2) Заява крэдытора, пакупніка, заказчыка, кліента аб аплаце доўгу, кампенсацыі страт, устараненні выяўленых недахопаў, няспраўнасці ў набытым тавары або выкананай рабоце, заказе. Таксама патрабаванне крэдытора да даўжніка аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі, звязанай з парушэннем правоў крэдытора. Для пэўнай катэгорыі спрэчак у цывільным і гасп. праве прадугледжваецца дасудовы прэтэнзійны парадак іх урэгулявання.
т. 13, с. 97
ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),
вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.
Літ.:
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 97
ПРЭФЕ́КТ (ад лац. praefectus начальнік),
1) адм. або ваен. пасада ў Стараж. Рыме, а таксама асоба, якая яе займае.
2) У шэрагу дзяржаў асобы ін-т прадстаўнікоў цэнтр. (Румынія) або рэгіянальнага (Расія) урада на месцах. Ін-т П. узнік у Францыі ў 1802, дзе да ліквідацыі яго ў 1982 у якасці прадстаўніка ўрада П. ажыццяўляў адм. нагляд за дзейнасцю органаў мясц. самакіравання і мясц. кіравання ў дэпартаментах. У Румыніі П. назначаюцца ў кожны павет і муніцыпію Бухарэст, дзе яны кіруюць службамі мін-ваў і інш. цэнтр. органаў у гэтых адм.-тэр. адзінках. У Расіі П. існуюць у Маскве, дзе назначаюцца мэрам для кіраўніцтва ў адм. акругах горада.
т. 13, с. 97
ПРЭФЕРЭ́НЦЫЯ (франц. préférence перавага ад лац. praeferre аддаваць перавагу),
ільгота, якая даецца пры абкладанні мытнымі пошлінамі ўсіх або некалькіх тавараў асобных краін і не пашыраецца на тавары інш. краін. Ажыццяўляецца ў форме зніжэння падаткаў, скідак з мытных пошлін, вызвалення ад Плацяжоў, прадастаўлення выгадных крэдытаў. П. даюцца дзяржавай, маюць адрасны характар. У адносінах паміж дзяржавамі П. даюцца на пачатках узаемнасці ці ў аднабаковым парадку. Гл. таксама Найбольшага спрыяння рэжым.
т. 13, с. 97
ПРЭ́ФІКС (ад лац. praefixus прымацаваны спераду),
тое, што прыстаўка.
т. 13, с. 97