ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),
кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.
т. 13, с. 95
ПРЭСВІТЭРЫЕ́НСТВА (ад прэсвітэр),
плынь у кальвінізме, што ўзнікла ў перыяд Рэфармацыі ў Шатландыі і Англіі. Асн. прынцыпы веравучэння П. выкладзены ў «Вестмінстэрскім веравызнанні» (1648) у духу артадаксальнага кальвінізму, з яго верай ва ўсеагульную грахоўнасць людзей і абсалютнае прадвызначэнне. Культ спрошчаны; богаслужэнне складаецца з пропаведзяў, агульнай малітвы, спеваў псалмоў. Некалькі абшчын аб’ядноўваюцца ў асацыяцыю, якую ўзначальвае прэсвітэрыя ў складзе прэсвітэраў і пастараў ад кожнай абшчыны. Асацыяцыі ўваходзяць у правінцыяльныя і нац. сіноды. Найвышэйшы орган — ген. асамблея. П. існуе ў Вялікабрытаніі (у Шатландыі — дзярж. царква), Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. Многія прэсвітэрыянскія цэрквы ўваходзяць у Сусв. альянс рэфармацкіх цэркваў.
т. 13, с. 95
ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),
1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.
2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-й грамадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл. Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).
У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.
т. 13, с. 95
ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),
амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).
т. 13, с. 95
ПРЭ́СПА (Prespa),
возера на З Балканскага паўвострава, на мяжы Македоніі, Албаніі і Грэцыі. Пл. 285 км². Глыб. 54 м. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне каля паўн. краю гор Пінд, на выш. 853 м. Злучана пратокай з воз. Мікры-П. Мяркуецца, што падземны сцёк ідзе праз карставыя поласці ў воз. Ахрыдскае (16 км на ПнЗ ад П.). Штогадовыя ваганні ўзроўню 1,5—2 м. Рыбалоўства. На берагах П. — нац. паркі Галічыца (Македонія), Мікра-Прэспа (Грэцыя).
т. 13, с. 95
ПРЭ́СТАН (Preston),
горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Ланкашыр. Вядомы з 12 ст. Каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у эстуарыі р. Рыбл, якая ўпадае ў Ірландскае м. Буйны чыг. вузел. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. авіяц., эл.-тэхн., вытв-сць тэкст. абсталявання; хім., тэкст., харчовая. Паблізу, у г. Спрынгфілд — атамныя з-ды.
т. 13, с. 96
ПРЭСТЫ́Ж (ад франц. prestige першапач. — абаянне, зачараванне),
аўтарытэт. уплыў, перавага, якімі карыстаецца хто-н. або што-н.
т. 13, с. 96
ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.
т. 13, с. 96
ПРЭС-БЮРО́,
1) рэдакцыйны апарат для абслугоўвання прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на перыяд работы з’ездаў, канферэнцый, нарад. Арганізуе прэс-канферэнцыі, выпускае прэс-рэлізы і г.д. 2) Пастаянна дзеючы орган інфармацыі пры рэдакцыях газет, агенцтвах друку, пасольствах, прадстаўніцтвах і інш. установах, які забяспечвае друк гатовымі артыкуламі, інфармацыяй, ілюстрацыйным і інш. матэрыялам.
т. 13, с. 95
ПРЭС-КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (ад англ. press-conference),
сустрэча дзярж., паліт., грамадскіх ці навук. дзеячаў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі для паведамлення пэўных звестак, высвятлення актуальных пытанняў грамадства.
т. 13, с. 95