Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЯШКО́Ў (Уладзімір Валянцінавіч) (н. 16.5.1948, Масква),

бел. вучоны ў галіне трыбаматэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Калінінскі політэхн. ін-т (1971). З 1976 у Бел. ун-це транспарту (з 1989 заг. аддзела, з 1995 праф.). Навук. працы па тэхналогіі атрымання і саставу гібрыдных палімерных кампазітаў, мадэліраванні напружанага стану і цеплавога поля дэталей пры звышхуткасным слізганні. Прапанаваў тэарэт. апісанне зоны найб. напружанняў і дэфармацый метадамі канечных элементаў і канечных рознасцей; растлумачыў механізм біяхім. сінтэзу палімерных злучэнняў у паверхневых слаях валокнаў поліамідаў.

Тв.:

Триботехника электрических контактов. Мн., 1985 (разам з В.​В.​Кончыцам, М.​К.​Мышкіным).

т. 11, с. 84

МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),

гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс. чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.

Літ.:

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.

т. 11, с. 85

МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.

т. 11, с. 85

МЯШЧЭ́РА,

старажытнае угра-фінскае племя, якое ў 2—15 ст. жыло ўздоўж сярэдняга цячэння р. Ака ў Расіі. Культура М. блізкая да стараж.-мардоўскай. Захаваліся могільнікі і гарадзішчы М. 2—12 ст. У 1152 суздальскі кн. Юрый Далгарукі заснаваў на землях М. горад Гарадзец-Мяшчэрскі (з 1471 Касімаў). М. згадваецца ў Тлумачальнай Палеі — помніку стараж.-рус. л-ры 13 ст., у рус. летапісах, у т. л. ў сувязі з Казанскімі паходамі 1545—52. Б.ч. М. да 16 ст. асімілявана рус. насельніцтвам, другая частка, што жыла на тэр. Казанскага ханства (15—16 ст.), злілася з татарамі. Паводле большасці даследчыкаў, нашчадкамі М. з’яўляецца этнагр. група татар-мішараў (старая назва мешчаракі) у Татарстане і Башкоргастане. Ад племя М. паходзіць назва Мяшчорскай нізіны.

т. 11, с. 85

МЯШЧЭ́РСКІ (Іван Усеваладавіч) (10.8.1859, г. Архангельск, Расія — 7.1.1935),

расійскі вучоны ў галіне механікі, адзін з заснавальнікаў механікі цел пераменнай масы. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў. З 1902 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Навук. працы па тэарэт. і дастасавальнай механіцы. Распрацаваў тэорыю руху цел пераменнай масы, што стала асновай для вырашэння шэрагу праблем рэактыўнай тэхнікі і нябеснай механікі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены «Зборнік задач па тэарэтычнай механіцы» (ч. 1, 1911).

Тв.:

Работы по механике тел переменной массы. 2 изд. М., 1952.

Літ.:

Космодемьянский А.А. И.​В.​Мещерский // Космодемьянский А.А. Теоретическая механика и современная техника. 2 изд. М., 1975.

А.​І.​Болсун.

т. 11, с. 85

МЯШЧЭ́РСКІ (Уладзімір Пятровіч) (23.1.1839, С.-Пецярбург — 23.7,1914),

рускі пісьменнік, выдавец. Князь. Скончыў вучылішча правазнаўства. Служыў у Міністэрстве ўнутр. спраў. Засн. і выдаваў у Пецярбургу кансерватыўна-манархічную газ. «Гражданин» (з 1872), часопісы «Добро» (1881) і «Дружеские речи» (1905). Раманы «Жанчыны з пецярбургскага вялікага свету», «Адзін з нашых Бісмаркаў» (абодва 1874), «Лорд-апостал у вялікім пецярбургскім свеце» (1876), «Мужчыны пецярбургскага вялікага свету» (1897) і інш. з жыцця велікасвецкага кола. Аўтар антынігілістычных раманаў «Запіскі гімназіста, які застрэліўся» (1875) і «Тайны сучаснага Пецярбурга» (1876—77), паэмы «Таўрыда» (1863), аповесцей, камедый, зб-каў публіцыстыкі «Нарысы цяперашняга грамадскага жыцця ў Расіі» (зб. 1—2, 1868—70), «Прамовы кансерватара» (1876), артыкулаў пра Ф.​Дастаеўскага, А.​Талстога, Л.​Талстога, Ф.​Цютчава і інш. Выдаў «Мае ўспаміны» (т. 1—3, 1897—1912).

т. 11, с. 85

МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 11, с. 85

МЯШЭ́Й (Setaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.

Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.

У.​П.​Пярэднеў.

Мяшэй зялёны.

т. 11, с. 85

ОРТА-, МЕТА-, ПАРА- ў хіміі,

прэфіксы, якімі карыстаюцца ў арган. хіміі для абазначэння становішча двух (аднолькавых ці розных) замяшчальнікаў адносна адзін аднаго ў бензольным кальцы. У орта-злучэннях замяшчальнікі знаходзяцца ў 1,2-, у мета у 1,3- і ў пара у 1,4-становішчах (адпаведныя скарачэнні: о-, м-, п-), напр., 1,2-дыметылбензол наз. орта-ксілол ці о-ксілол (гл. Ксілолы). Прыстаўкі «орта» і «мета» выкарыстоўваюць у неарган. хіміі ў трывіяльных назвах кіслародзмяшчальных кіслот з рознай колькасцю гідраксільных груп пры цэнтр. атаме (орта — найбольшая, мета — найменшая), напр., к-ты артафосфарная H3PO4 ці (HO)3PO і метафосфарная HPO3 ці HOPO2.

т. 11, с. 449