Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭСУ́РС (ад франц. ressource дапаможны сродак) тэхнічны, напрацоўка вырабу (машыны, тэхн. сістэмы) да дасягнення гранічнага стану, пры якім яго далейшая эксплуатацыя немагчыма, непажадана (з-за паніжэння эфектыўнасці) або небяспечна. Колькасна ацэньвае даўгавечнасць вырабу, яго надзейнасць. Выражаецца ў гадах, гадзінах, кіламетрах, гектарах, колькасці ўключэнняў і інш. Бывае поўны (за ўвесь тэрмін службы да канца эксплуатацыі), дарамонтны, міжрамонтны, выкарыстаны, астаткавы. Завязаны з безадказнасцю.

т. 14, с. 28

РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прыродных, сацыяльных, духоўных магчымасцей, сродкаў і даходаў, якія могуць быць выкарыстаны ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт і каштоўнасцей (тавараў, паслуг і інш.). Адрозніваюць Р. прыродныя, матэрыяльныя, працоўныя і фінансавыя. Прыродныя Р. — частка прыродных багаццяў, прыдатная для выкарыстання ў вытв-сці або для задавальнення патрэб людзей. Да іх адносяцца: зямля, вада, атмасфера, карысныя выкапні, раслінны і жывёльны свет, натуральныя крыніцы энергіі (сонца, вецер, прылівы і адлівы, унутрызямное цяпло і інш.). Падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя; вычарпальныя бываюць узнаўляльныя ці неўзнаўляльныя. Матэрыяльныя Р. — сукупнасць сродкаў і прадметаў працы, якія прызначаны для выкарыстання ў працэсе вытв-сці (машыны, абсталяванне, сыравіна, матэрыялы, паліва, энергія і інш.). Працоўныя Р. — частка насельніцтва, здольная да мэтазгоднай прац. дзейнасці. Фінансавыя Р. — грашовыя сродкі, якія грамадства мае магчымасць выкарыстоўваць. Сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе стварэння матэрыяльных даброт або інш. каштоўнасцей, наз. фактарамі вытв-сці (зямля, праца, капітал, прадпрымальніцтва). У якасці спецыфічных фактараў вытв-сці вылучаюць навуку і інфармацыю.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 28

РЭСУ́РСЫ НАТУРА́ЛЬНЫЯ,

тое, што прыродныя рэсурсы.

т. 14, с. 28

РЭТАРАМА́НСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў. Пашырана ў Швейцарыі і на ПнУ Італіі. Нац. мова Швейцарыі (разам з ням., франц. і італьян. мовамі). Мае 3 асн. дыялекты: граўбюндэнскі, ладзінскі і фрыульскі. Па пераважнай большасці прыкмет належыць да зах.раманскіх моў (напр., захаванне канцавога -s, азванчэнне інтэрвакальных k, p, t), але некат. асаблівасці набліжаюць яе да румынскай мовы (напр., займеннікавая сістэма). Характэрны высокі ўзровень архаічнасці і варыятыўнасці форм, сляды моцнага ўплыву італьян. і ням. моў, асабліва ў фанетыцы і лексіцы. Пісьменства з 14 ст. на аснове лацінскага алфавіта (фрыульскі дыялект).

Літ.:

Бородина М.А. Современный литературный ретороманский язык Швейцарии. Л., 1969.

У.​В.​Макараў.

т. 14, с. 28

РЭТАРДА́НТЫ (ад лац. retardo затрымліваю, запавольваю),

форма пестыцыдаў, якія прыгнечваюць рост сцёблаў і парасткаў і надаюць раслінам устойлівасць да палягання. Павышаюць эфектыўнасць інш. аграпрыёмаў і ўраджайнасць збожжавых культур, зніжаюць страты прадукцыі ў час збору і захавання. Выкарыстоўваюцца ў выглядзе раствораў, сумяшчаюць з інш. пестыцыдамі і пазакаранёвымі падкормкамі мікраэлементамі. Найб. пашыраныя Р.: хлорхалінхларыд (прадухіляе паляганне азімай пшаніцы, павялічвае выхад насеннай прадукцыі шматгадовых злакавых траў, паляпшае якасць расады памідораў, паскарае плоданашэнне яблынь, абмяжоўвае рост вусоў суніцы); кампазан (прадухіляе паляганне азімага жыта, ячменю, лёну-даўгунцу); гідрэл (прадухіляе прарастанне клубняў бульбы пры захоўванні) і інш.

Л.​В.​Круглоў.

т. 14, с. 28

РЭТАРДА́ЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ (лац retardatio спазненне, затрымка),

затрымка псіхасексуальнага развіцця — адставанне тэрмінаў палавога развіцця ад адпаведнага ўзросту дзіцяці. Вылучаюць Р.с. саматагенную, псіхагенную і сацыягенную. Саматагенная мае біял. аснову і звязана з адставаннем у развіцці першасных і другасных палавых адзнак. Значныя расстройствы эндакрыннай сістэмы могуць прывесці да поўнага выпадзення сексуальных кампанентаў у псіхічным развіцці асобы. Псіхагенная Р.с. выклікаецца рознымі парушэннямі псіхікі, агульным адставаннем псіхічнага развіцця. Сацыягенная Р.с. назіраецца пры няправільным палавым выхаванні. Пераважна бывае спалучэнне некалькіх варыянтаў Р.с.

т. 14, с. 28

РЭТО́РСП (ад позналац. retorsio адваротнае дзеянне),

правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, якія робяцца ў адказ на недружалюбны акт інш. дзяржавы, што паставіла ў дыскрымінацыйныя ўмовы фіз. або юрыд. асоб першай дзяржавы (напр., абмежаванне правоў іншаземцаў — грамадзян інш. дзяржавы, павелічэнне мытных пошлін гэтай дзяржавы). Мае на мэце аднаўленне прынцыпу ўзаемнасці ў адносінах адпаведных дзяржаў. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальна адпаведнымі акту, які іх выклікаў, і спыняюцца з моманту аднаўлення ранейшага становішча. Як і рэпрэсаліі, Р. не прадугледжваюць выкарыстання ўзбр. сілы.

т. 14, с. 28

РЭ́ТРА (ням. Rethra, слав. Радыгашч, Радгашч),

рэлігійны цэнтр і ўмацаванне 10—11 ст. прыбалт. зах.-слав. племя радарыяў (ратараў, ратран), якое ўваходзіла ў саюз плямён люцічаў; цяпер — гарадзішча каля г. Фельдберг (Германія). У 1068 разбурана войскамі епіскапа Бурхарда II Гальберштацкага, а ў пач. 12 ст. — імператарам Лотарам III. Звесткі аб Р. сучаснікаў-храністаў Адама Брэменскага і Цітмара Мерзебургскага пацверджаны раскопкамі ням. археолага К.​Шухарта (1922). Р. была абкружана 2 землянымі валамі з 3 вял. і 3 малымі вежамі з брамамі. У цэнтры быў драўляны храм бога сонца і агню Радагаста, ці Сварожыча. Каля храма выяўлены рэшткі 10 жылых пабудоў.

т. 14, с. 28

РЭТРАГРА́Д (ад лац. retrogradus які ідзе назад),

праціўнік сацыяльнага і культурнага прагрэсу, чалавек з адсталымі поглядамі, якога наз. таксама рэакцыянерам (напр., доказ рэтраграда, рэтраградскі погляд).

т. 14, с. 28

РЭТРАНСЛЯ́ТАР (ад рэ... + лац. translator пераносчык),

апарат ці электраправоднае асяроддзе для рэтрансляцыі радыёсігналаў; прамежкавы пункт лініі радыёсувязі. Актыўны Р. — прыёмна-перадавальная радыёстанцыя (гл. Радыёрэлейная станцыя). Пасіўны Р. — пояс метал. іголак на каляземнай арбіце, іанізаваная пара металаў, ШСЗ ці мех. канструкцыя пэўнай формы (напр., плоскі адбівальнік, люстраная антэна), здольныя рассейваць або накіравана адбіваць радыёхвалі. Можа абслугоўваць радыёсетку з многіх ліній сувязі з рознымі частотамі радыёсігналаў.

т. 14, с. 28