Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЗЬБАНАКА́ТНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для стварэння разьбы на вонкавых паверхнях дэталей без зняцця стружкі (пластычным дэфармаваннем у халодным стане — накаткай). Р.і.: круглыя накатныя ролікі, плоскія накатныя плашкі (рухомыя і нерухомыя), рэзьбанакатныя галоўкі. Выкарыстоўваюць на такарных, рэвальверных, свідравальных, балтарэзных станках, спец. аўтаматах і паўаўтаматах.

Да арт. Рэзьбанакатны інструмент. Утварэнне разьбы: 1 — плоскім інструментам, 2 — круглым інструментам.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАНАРАЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

шматлязовы металарэзны інструмент для ўтварэння вонкавай (на шрубах, шпільках, балтах і інш.) і ўнутр. (у адтулінах гаек, утулак і інш.) разьбы. Да Р.і. адносяцца разьбовыя разцы, метчыкі, плашкі, фрэзы, шліфавальныя кругі, грабяні, рэзьбанаразныя галоўкі. Разьбовыя грабяні (некалькі аб’яднаных у адзінай канструкцыі разьбовых разцоў) бываюць плоскія (стрыжнёвыя, прызматычныя) і круглыя. У корпусе рэзьбанаразных галовак уманціравана некалькі разьбовых грабянёў. Устанаўліваюць на рэзьбаапрацоўчых станках і станках інш. тыпаў, некаторыя інструменты выкарыстоўваюць для ручнога наразання разьбы.

Да арт. Рэзьбанаразны інструмент. Рэзьбанаразныя галоўкі: 1 — з радыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 2 — з тангенцыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 3 — з круглымі грабянямі.

т. 13, с. 560

РЭЗЮМЭ́ (франц. résumé ад résumer выкладаць коратка),

сціслы выклад зместу, сутнасці, асн. палажэнняў, вывадаў артыкула, даклада, прамовы, паведамлення.

т. 13, с. 560