РЭВУЭ́ЛЬТАС ((Revueltas) Сільвестрэ) (31.12.1899, г. Сант’яга-Папаск’яра, Мексіка —5.10.1940),
мексіканскі кампазітар, скрыпач, дырыжор. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі Мехіка (1913—16), у Муз. каледжы Чыкага (1918—20, 1922—24). З 1928 дырыжор Сімф. аркестра ў Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Яго творчасці ўласцівы глыбокае разуменне нац. характару, зварот да традыц. мекс. тэм і сюжэтаў, дэмакр. накіраванасць. Сярод твораў: балет «Гуляка-апалонік» (1935); сімф. паэмы для арк., у т. л. «Вулічныя скрыжаванні» (1930), «Дарогі» (1934), «Сенсенмайя» (1938); творы для камернага арк., у т. л. «У гонар Гарсія Лоркі» (1936); 4 стр. квартэты (1930—32), песні, музыка да кінафільмаў.
т. 13, с. 546
РЭВЮ́ (франц. revue агляд),
від тэатральна-эстраднага прадстаўлення, якое складаецца з асобных самаст, драм. і сатыр. сцэн з песнямі, танцамі і цыркавымі нумарамі, аб’яднанымі скразной тэмай і адзіным складам выканаўцаў. Як муз.-драм. жанр аб’ядноўвае ў сабе элементы аперэты, балета, кабарэ і вар’етэ. Распаўсюдзіўся ў Францыі ў 19 ст. У канцы 19 ст. пад уплывам вар’етэ і мюзік-хола ўзнікла т.зв. пастановачнае Р. — пышнае забаўляльнае прадстаўленне. У ЗША склалася нац. разнавіднасць жанру Р. — шоу. Прадстаўнікі жанру Р. ў СССР: кампазітары М.Блантэр, І.Дунаеўскі, С.Кац, Дз.Пакрас, Л.Уцёсаў, рэжысёр М.Акімаў, драматург М.Эрдман, акцёры Р.Зялёная, А.Менакер, М.Міронава, Р.Ярон і інш. (гл. таксама Агляд).
т. 13, с. 546
РЭ́ВЯКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 7.9.1935, Мінск),
бел. вучоны ў галіне палімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1958 на Мінскім з-дзе «Тэрмапласт» (з 1961 гал. інжынер). З 1963 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні ўплыву структуры і саставу палімераў на іх тэхнал. і фіз.-мех. характарыстыкі, распрацоўцы метадаў мадыфікацыі палімераў і атрымання кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.
Тв.:
Тэарэтычныя асновы перапрацоўкі палімераў. Ч. 1—2. Мн., 1992—94 (разам з М.Р.Пракапчуком);
Создание композиционных материалов на основе термопластов методами физико-химической модификации. Мн., 1999 (у сааўт.);
Разлік і канструяванне пластмасавых вырабаў і форм. Ч. 1—3. Мн., 1999—2001 (разам з В.М.Каспяровіч).
т. 13, с. 546