Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЯРЭ́ДНЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (10.5.1935, в. Пугачова Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 27.9.2000),

бел. вучоны ў галіне агародніцтва і аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел. НДІ агародніцтва (з 1969 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання агародніны, павелічэння ўрадлівасці глебы, ураджаяў, паляпшэння якасці агароднінных культур.

Тв.:

Удобрение овощных культур. Мн., 1987;

Огород без химии. Мн., 1996 (разам з Я.​А.​Стальмашком);

Выращивание овощей. Мн. 2001 (разам з Л.​І.​Лявонавай).

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ДНІ МО́ЗГ,

пярэдні аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з пярэдняга мазгавога пузыра. У кругларотых і рыб — мазгавая ч. нюхальнага аналізатара, выконвае пераважна ролю цэнтр. рэгулятара дзейнасці органаў нюху. У земнаводных і паўзуноў П.м. ускладняецца, падзяляецца на прамежкавы і канечны мозг; уключаецца ў кіраванне складанымі формамі паводзін. У птушак і млекакормячых падзел П.м. найб. выразны. У наземных жывёл з развіццём П.м. як органа вышэйшай нерв. дзейнасці ўзнікае дзяленне рэфлекторнай дзейнасці на сістэму складаных безумоўных (інстынктаў) і ўмоўных (мазгавая кара) рэфлексаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ДНІ МОСТ,

комплекс вузлоў ці асобны агрэгат, які размешчаны ў пярэдняй частцы аўтамабіля ці інш трансп. сродкаў; успрымае праз падвеску (рысоры, спружыны і інш.) верт. нагрузку ад кузава (рамы) і перадае яе на колы, а акружную і бакавую нагрузкі ад іх на кузаў. Пры залежнай падвесцы колаў П.м. выконваецца ў выглядзе бэлькі і 2 шарнірна звязаных з ёю паваротных цапфаў. Пры незалежнай падвесцы асновай П.м. служыць нясучая папярэчына, да якой шарнірна мацуюцца верхні і ніжні хістальныя рычагі. У аўтамабіляў павышанай праходнасці разам з заднім мостам з’яўляецца вядучым (перадае вярчальны момант да кіравальных колаў).

т. 13, с. 160

ПЯРЭДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ МАЛЮ́СКІ, пярэдняжаберныя малюскі (Prosobranchia),

падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.

Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.

А.​М.​Петрыкаў.

Пярэдняшчэлепныя малюскі: 1 — харонія-лямпа; 2 — смоўж шлем; 3 — плеўрабранхус; 4 — кабестана; ракавіны: 5 — сірынкс гіганцкі; 6 — лямбіс-скарпіён; 7 — верметус чэрвепадобны; 8 — епіскапская мітра.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ДНЯЯ А́ЗІЯ,

гл. Заходняя Азія.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ЖЫР,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 45 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 33 км ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Седча. 435 ж., 191 двор (2001). Сярэдняя школа, урачэбны ўчастак. Свята-Міхайлаўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла дукорскіх партызан.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́ЗВЫ, перазовы,

у беларусаў звычай у канцы вяселля, паводле якога сваты, інш. вясельныя чыны або суседзі маладога ці маладой запрашалі маладых і найб. паважаных удзельнікаў вяселля да сябе ў госці. Наладжваліся з мэтай аказання матэрыяльнай дапамогі бацькам маладых у правядзенні вяселля. У час П. выконвалі песні, у якіх усхвалялі сватоў, іх хату, гаспадарку, а таксама жартоўныя песні. П. называлі таксама наведванне маладых родзічамі маладой ці наведванне маладымі і родзічамі маладога бацькоў маладой праз тыдзень пасля вяселля. Характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. раёнаў Беларусі.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́СНА, троліус (Trollius),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейская (T. europaeus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лясных палянах, узлесках, лугах. У культуры вырошчваюцца П.: азіяцкая (T. asiaticus), алтайская (T. altaicus), кітайская (T. chinensis), Ледэбура (T. ledebourii). Большасць садовых форм і сартоў з’яўляюцца гібрыдамі П. азіяцкай, еўрапейскай і кітайскай і аб’яднаны пад назвай П. культурная (T. × culturum).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 50—100 см. Сцёблы прамыя, малагалінастыя. Лісце пальчата-раздзельнае, пераважна прыкаранёвае. Кветкі буйныя, часта адзіночныя, жоўтыя або аранжавыя, маюць пялёсткі-нектарнікі з нектарнай ямкай пры аснове. Плод — шматлістоўка. Ядавітыя. Дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пярэсна еўрапейская.

т. 13, с. 160

ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),

род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.

На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.

Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек. сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Пярэступ белы.

т. 13, с. 161

ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.

Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.

т. 13, с. 161