Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,

інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел. нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.

В.І.Боўш.

т. 11, с. 242

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЁМАСЦІ (Biens nationaux),

тэрмін, прыняты ў гістарыяграфіі для вызначэння рухомай і нерухомай маёмасці, канфіскаванай дзяржавай у французскую рэвалюцыю 1789—99. Паводле закона ад 2.11.1789 у Францыі былі канфіскаваны зямельныя ўладанні царквы, у лют. 1792 канфіскавана і прададзена маёмасць эмігрантаў, у кастр. 1793 — пакараных смерцю. У сак. 1794 Канвент санкцыяніраваў канфіскацыю маёмасці ва ўсіх «ворагаў рэвалюцыі» і бязвыплатную яе перадачу «патрыётам, якія мелі ў гэтым патрэбу». Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў (1814, 1815) частка непрададзеных зямель вернута б. уладальнікам, за прададзеныя Н.м. яны атрымалі грашовую кампенсацыю.

т. 11, с. 242

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЙСТЭ́РНІ (Ateliers nationaux),

форма арганізацыі грамадскіх прац для беспрацоўных у Францыі ў 18—19 ст. Першыя Н.м. існавалі ў 1786, 1788 і 1789—91. Адноўлены пасля лют. рэвалюцыі 1848. Мелі напаўваенны характар, выконвалася непрадукцыйная праца. У чэрв. 1848 урад закрыў частку Н.м., пачаў мабілізацыю рабочых у армію і на зямельныя работы ў правінцыі, што выклікала ліпеньскае паўстанне 1848. 3.7.1848 Н.м. распушчаны.

т. 11, с. 242

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ПА́РКІ,

асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (акваторыі), якія маюць экалагічную, гіст., эстэт. каштоўнасць і амаль не змененыя дзейнасцю чалавека. Ствараюцца для захавання пэўных прыродных комплексаў і выкарыстання іх у рэкрэацыйных, асв., навук. мэтах. Вылучаюцца своеасаблівым спалучэннем натуральных і культ. ландшафтаў. У Н.п. праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленні ландшафтаў, захаванні рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Тэрыторыя Н.п. звычайна падзяляецца на зоны: запаведную, гасп., рэкрэацыйную і (часам дадаткова) буферную (вакол Н.п.). Статус Н.п., прыняты Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП) у 1969, мае пэўныя патрабаванні да арганізацыі парку: адносна вял. тэрыторыя, наяўнасць каштоўных у навук. і пазнавальных адносінах прыродных ландшафтаў або аб’ектаў, адносная захаванасць прыродных комплексаў, дазвол наведвання парку турыстамі пры спец. умовах. У большасці краін Н.п. — найб. распаўсюджаная катэгорыя дзярж. ахоўных тэрыторый з розным рэжымам аховы. Н.п. маюць асаблівыя адм. дзярж. органы, якія з’яўляюцца асн. землекарыстальнікам на тэрыторыі Н.п. або ў яго адпаведнай зоне.

Першы Н.п. створаны ў ЗША (1872, Йелаўстонскі нацыянальны парк). У пач. 20 ст. Н.п. з’явіліся ў Паўд. Амерыцы — Наўэль-Уапі (Аргенціна, 1903), Ігуасу (Бразілія, 1909); у Еўропе — Пельву (Францыя, 1913), Энгадзін (Швейцарыя, 1914), Кавадонга (Іспанія, 1915) і інш. Існуе больш за 2,3 тыс. нац. паркаў (у т.л. ў Еўропе — больш за 160) агульнай плошчай больш як 400 млн. га. Каля 30 Н.п. свету маюць плошчу больш за 1 млн. гаГрэнландскі нацыянальны парк (Данія, 7 млн. га), Вуд-Бафала (Канада, 4,5 млн. га), Серэнгеці (Танзанія, 2 млн. га), Цэнтральнакалахарскі (Батсвана, 5,3 млн. га), Габійскі (Манголія, 5 млн. га) і інш.

На Беларусі існуюць 4 Н.п.: Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі, Прыпяцкі, агульнай пл. каля 327 тыс. га.

Літ.:

Заповедными тропами зарубежных стран. М., 1976;

Реймерс Н.Ф., Штиль марк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978.

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 242

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,

лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.

Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар. эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).

У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».

Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.

Л.М.Нехарошава, І.Я.Цэслюк.

т. 11, с. 243

«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял. т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым. тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац. тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел. нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва да нац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.

Працуе ў будынку б. Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял. Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.

Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).

Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».

т. 11, с. 230

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ МАКСІ́МА ГО́РКАГА Назва з 1999 Дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра Беларусі.

т. 11, с. 230

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

т. 18, кн. 1, с. 433

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.Дэліба — Ф.Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага — К.Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева — К.Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.Крошнера — А.Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.Нікалаева, С.Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.Васільева, Я.Вяпрынскі, Н.Гурвіч, Л.Крамарэўская, Н.Майсеенка, Т.Узунава, Ю.Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.Мінкуса, «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т.л. бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн. маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.Глебава — А.Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.Стукалкінай (1963). Тэма Вял. Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.Малышава і Л.Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.Бельскі, В.Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Конюс, А.Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.Давыдаў, Н.Давыдзенка, І.Дзідзічэнка, Т.Караваева, А.Карзянкова, Б.Карпілава, В.Крыкава, Р. і М.Красоўскія, Малышава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Н.Младзінская, Я.Паўловіч, М.Пятрова, Л.Ражанава, І.Савельева, Чахоўскі, М.Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.Лысік, Э.Гейдэбрэхт, В.Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.

У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.Малера (1981), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Н.Філіпава, Т.Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.Вярцінскага і Г.Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.Купалы), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.Дрыга, І.Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т.л. «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, П.Гусеў, Маёраў, І.Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.Гітгарц (1933—36), Н.Грубін (1938-41), А.Брон (1944—48), У.Пірадаў (з 1948), Л.Любімаў (1951—64), Г.Дугашаў (1966—68), К.Ціханаў (з 1969), Я.Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.Нікалаеў (з 1938), Я.Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. СССР Елізар’еў, салісты балета нар. арт. Беларусі К.Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.Дадышкіліяні, У.Далгіх, В.Захараў, Р.Мінін, А.Фурман, Т.Шаметавец, артысты Т.Беранава, С.Гарбунова, Ж.Лебедзева, А.Турко, нам. дырэктара нар. арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.Подкіна, А.Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.Сямёнава, С.Львовіч, Ч.Шуба.

Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;

Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.

Ю.М.Чурко.

Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева. 1988.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. 1980.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. 1976.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.Мдывані. 1995.

т. 11, с. 230

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ.

Створаны ў 1920 у Мінску як Бел. дзярж. т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел. дзярж. т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-р рэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядуляй, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял. Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял. Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.

У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г. т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш. Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял. Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр. нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв. т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г. найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел. нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.

У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар. арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).

У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт. Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар. арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл. Мінскі гарадскі тэатр).

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;

Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг. Мн., 1957;

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг. Мн., 1989;

Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.

Т.Я.Гаробчанка.

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Кулалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.

т. 11, с. 232