НАТХНЕ́ННЕ,
стан своеасаблівага напружання і ўздыму духоўных сіл, творчага хвалявання чалавека, які вядзе да ўзнікнення ідэі або рэалізацыі задумы ў мастацтве, навуцы, тэхніцы. Характарызуецца павышанай агульнай актыўнасцю чалавека, незвычайнай прадукцыйнасцю яго дзейнасці, усведамленнем лёгкасці, перажываннем «апантанасці» і эмацыянальнага паглыблення ў творчасць. Існуюць розныя погляды на прычыны ўзнікнення Н. Ідэаліст. дагматыка разглядае яго як «боскую апантанасць», містычнае азарэнне (Платон, Ф.Шэлінг, Э.Гартман, З.Фрэйд, Г.Рыд); матэрыялісты адмаўляюць яго звышнатуральны характар і разглядаюць як псіхічную з’яву, абумоўленую грамадскімі і індывід. стымуламі, а таксама працэсам працы.
т. 11, с. 209
НАТЫФІКА́ЦЫЯ,
1) у міжнародным праве — афіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты або інш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.
2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл. Індасамент).
т. 11, с. 209