Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЕ́КАННЕ,

у беларускай мове фанетычная з’ява, звязаная са змяненнем гука «д» пры яго памякчэнні на мяккую афрыкату «дз» (за выключэннем «д» у прыстаўках, дзе яно не пераходзіць у «дз»). Развілося не пазней 14 ст., у помніках бел. мовы адлюстроўваецца з пач. 16 ст. («адзін за всехъ», «пападзись», «людзіе», «игдзе», «серца людзские»), Ёсць 2 погляды на паходжанне Дз. і цекання ў бел. мове. Выказаная ў 19 ст. А.А.Шахматавым гіпотэза пра запазычанне Дз. з польскай мовы не атрымала пашырэння. Агульнапрызнанай лічыцца гіпотэза Я.Ф.Карскага пра самаст. развіццё Дз. на бел. глебе.

Літ.:

Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.

М.Р.Прыгодзіч.

т. 6, с. 103

ДЗЕЛАВЫ́Я ГУ́ЛЬНІ,

метад імітацыі прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у розных штучна падабраных сітуацыях, якія набліжаюцца да рэальных, сапраўдных. Ажыццяўляюцца шляхам гульні (гульняў) па зададзеных правілах групы людзей або чалавека з ЭВМ, пераважна ў галіне менеджменту, у камерцыйнай. фін. і іншых сферах. Выкарыстоўваюцца для навучання і адбору кіраўнікоў, н.-д. мэт, выпрацоўкі кіраўніцкіх рашэнняў.

т. 6, с. 103

ДЗЕ́ЛЬКВА, зельква (Zelkova),

род кветкавых раслін сям. ільмавых. 5—7 відаў. Пашыраны пераважна ва Усх. Азіі (Кітаі, Японіі і Карэі), па 1 віду трапляецца ў Паўн. Іране, на в-ве Крыт і ў Закаўказзі. Найб. вядомы трацічны рэліктавы від — Дз. грабалістая (у Закаўказзі захаваліся 200-гадовыя дрэвы).

Дрэва з гладкай цёмна-шэрай карой, выш. да 25, зрэдку да 40 м. дыям. ствала да 2 м. Жыве да 400 гадоў. Лісце чаргаванае, цэласнае, простазубчастае. Кветкі дробныя, зеленаватыя, двухполыя (адзіночныя) і тычынкавыя (у пучках). Плады — крылатыя арэшкі. Драўніна гнуткая, шчыльная, трывалая, дэкар., устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў буд-ве.

Г.У.Вынаеў.

Дзельква грабалістая.

т. 6, с. 103

ДЗЕ́МБА Мар’ян

(парт. псеўд. Я н ; каля 1885 — люты 1921),

рэвалюцыянер, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1906 чл. РСДРП. За рэв. дзейнасць зняволены ў турму. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У жн. 1919 пакінуты ЦК КП(б)ЛіБ для падп. работы ў Мінску, акупіраваным польск. войскамі. Адзін з кіраўнікоў Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ, вёў работу па арганізацыі камуніст. ячэек і партыз. атрадаў у Мінскай губ. 3 крас. 1920 на падп. рабоце ў Вільні. У канцы 1920 арыштаваны. Памёр у лагеры для інтэрніраваных.

т. 6, с. 103

ДЗЕМІДЗЕ́НКА Іван Якаўлевіч

(5.8.1896, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1956),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай хірургіі. Д-р вет. н., праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1926). З 1927 працаваў у Віцебскім вет. ін-це (у 1947—55 прарэктар). Навук. працы па пытаннях афтальмалогіі. Распрацаваў электратэрапію пры хірург. хваробах жывёл, паглыбіў распрацоўку вочнай семіётыкі пры септычных хваробах і хірург. сепсісе, сканструяваў спрошчаную шчылінную лямпу для біямікраскапіі вачэй жывёл.

т. 6, с. 104

ДЗЕМІДО́ВІЧ Барыс Паўлавіч

(2.3.1906, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 23.4.1977),

савецкі матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1963), праф. (1965). Засл. дз. нав. РСФСР (1968). Сын П.П.Дземідовіча. Скончыў БДУ (1927). З 1935 у Маскоўскім дзярж. ун-це. Навук. працы па тэорыі ўстойлівасці, якаснай тэорыі звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў. Аўтар падручнікаў па матэматыцы для ВНУ.

Тв.:

Лекции по математической теории устойчивости. М., 1967;

Сборник задач и упражнений по математическому анализу. 9 изд. М., 1977.

т. 6, с. 104

ДЗЕМІДО́ВІЧ Леанід Аляксандравіч

(н. 10.7.1937, Казань),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1981), праф. (1989). Скончыў Казанскі ун-т (1959). З 1959 у Бел. геолага-разведачным НДІ (з 1970 нам. дырэктара, у 1975—83 дырэктар). З 1983 у БДУ. Навук. працы ў галіне геалогіі, пошуку і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў. Стварыў схемы класіфікацыі парод-калектараў, стадый і этапаў літагенезу.

Тв.:

Формирование коллекторов нефтеносных комплексов Припятского прогиба. Мн., 1979. Литология и коллекгорские свойства подсолевых девонских отложений Припятского прогиба. Мн., 1980.

т. 6, с. 104

ДЗЕМІДО́ВІЧ Павел Пятровіч

(10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),

бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл. этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел. нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.А.Янчуком і М.В.Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.

Тв.:

Рождественские святки // Виленский вестн. 1894. № 277, 281;

1895. № 3;

Масленица и великий пост // Там жа. 1895. № 64, 67;

Благовещение // Там жа. № 68;

Пасха у сельчан белорусов // Там жа. № 73—74;

Радуница в Белоруссии // Там жа. № 77;

Купала в белорусской деревне // Там жа. № 134;

Белорусские детские игры // Живая старина. 1898. Вып. 3/4.

Літ.:

Гурскі А.І. З любоўю да народа. Мн., 1989.

І.У.Саламевіч.

П.П.Дземідовіч.

т. 6, с. 104

ДЗЕ́МІНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 35 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,31 км2, даўж. 1,6 км, найб. шыр. 250 м. Пл. вадазбору 8,53 км2. На Пд упадае ручай з воз. Доўгае-Мелкае. Злучана ручаём з р. Дрыса.

т. 6, с. 104

ДЗЕ́МІНЕЦ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 4 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 24 км2. Схілы катлавіны выш. да 8 м, параслі лесам. У паўд. плёсе 2 астравы агульнай пл. 2 га. Дно плоскае, выслана сапрапелямі. У возера ўпадаюць 4 ручаі, у т.л. з воз. Доўгі Дземінец і з возера без назвы; на Пн выцякае ручай у воз. Ваўчо.

т. 6, с. 104