ДАБРЫ́НЬ,
вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Дуброўна—Горкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Зубры. 277 ж., 110 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 5, с. 560
ДАБРЫ́ЦА,
рака ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл. і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Друць (бас. Дняпра). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 250 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Старое Заліцвінне Кіраўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна трапецападобная. Пойма асушаная. Рэчышча каналізавана на ўсім працягу. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
т. 5, с. 560
ДАБРЫ́ЦА,
рака ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. Дняпра). Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 130 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Мар’ямполь Чэрвеньскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Ад вытоку 5 км рэчышча каналізавана.
т. 5, с. 560
ДАБРЫ́ЦА,
рака ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 149 км². Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Сялец. Рэчышча на ўсім працягу каналізавана.
т. 5, с. 560
ДАБРЫЯ́Н Іван Якаўлевіч
(27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.
т. 5, с. 560
ДАБРЫ́ЯН Пётр Навумавіч
(20.10.1916, в. Ахматава Алатырскага р-на, Чувашыя — 27.8.1993),
бел. паэт. У 1922 вярнуўся з бацькамі з бежанства на радзіму — в. Какошчычы (Слонімскі р-н). За ўдзел у рэв.-вызв. барацьбе неаднаразова быў арыштаваны польск. ўладамі, зняволены ў турму (1934—37), у Бяроза-Картузскі канцлагер (1939). Удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Друкаваўся з 1938 (літ. псеўд. Алесь Сучок). У вершах услаўляў імкненне да свабоды, мужнасць чалавека-змагара. У пасляваен. творах пераважаюць грамадз. матывы, пейзажная лірыка.
Тв.:
У кн.: Сцягі і паходні. Мн., 1965.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 560
ДАБУЖЫ́НСКІ Мсціслаў Валяр’янавіч
(2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спекталі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Чугунов Г.И. М.В.Добужинский, 1875—1957. Л., 1988.
М.А.Цыбульскі.
т. 5, с. 560