Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫГАРЫ́ШЫН Іван Лявонцьевіч

(н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж. ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.

Тв.:

Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).

т. 5, с. 474

ГРЫГАРЫ́ШЫНА Валянціна Іванаўна

(н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫ́ШЫНА Ірына Валер’еўна

(н. 5.4.1966, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫЯ́НСКІ КАЛЯНДА́Р,

гл. ў арт. Новы стыль.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫЯ́НСКІ ХАРА́Л

(ад лац. cantus gregorianus),

традыцыйнае літургічнае манадыйнае песнапенне рымска-каталіцкай царквы. Выконваецца ва унісон мужчынскім хорам або салістам ці групай салістаў (лац. schola) і хорам. Моўная аснова — латынь. Адбор і кананізацыя тэкстаў і напеваў пачаты ў канцы 6 ст. пры папе рымскім Грыгорыю І Вялікім (адсюль назва). Мелодыка падпарадкавана богаслужэбнаму тэксту, заснаванаму на нерэгулярным чаргаванні доўгіх і кароткіх працягласцей. Ладава-інтанацыйная аснова — 8 сярэдневяковых дыятанічных, т.зв. царкоўных, ладоў (модусаў). Грыгарыянскі харал стаў асновай ранніх формаў еўрап. поліфаніі (арганум, дыскант).

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЭ́СКУ

(Grigorescu) Нікалае Іон (15.5.1838, с. Пітару, пав. Дымбавіца, Румынія — 21.7.1907),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Бухарэсце (да 1885) і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1861—87 (з перапынкамі) жыў і працаваў у Францыі; прыхільнік барбізонскай школы жывапісу. З 1887 пераважна ў Бухарэсце. Пісаў пейзажы, партрэты, гіст., батальныя і жанравыя кампазіцыі. Яго творы («Сялянка з Мусчэла», 1877; «Штурм Смырдана», 1885; «Воз, запрэжаны валамі», каля 1890, і інш.) вызначаюцца рэаліст. формай, свабоднай маст. манерай, свежым каларытам і стрыманасцю светлай колеравай гамы.

т. 5, с. 475

ГРЫГАР’Я́НЦ Армен Багратавіч

(28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),

бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус. т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел. рэсп. т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.

П.А.Карнач.

т. 5, с. 475

ГРЫГО́НІС Генрых Юр’евіч

(20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.Міровіча), Мікола («Салавей» З.Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

т. 5, с. 475

ГРЫГО́Р’ЕЎ Андрэй Аляксандравіч

(1.11.1883, С.-Пецярбург — 2.9.1968),

расійскі фізіка-географ. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907), вывучаў геаграфію ў Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1909—16 супрацоўнік аддзела геаграфіі Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар і кіраўнік (да 1951) Ін-та геаграфіі АН СССР, гал. рэдактар Кароткай геагр. энцыклапедыі (1960—66). Праводзіў даследаванні на поўначы СССР, Урале, у Якуціі. Працы прысвечаны агульнай тэорыі фіз. геаграфіі, прынцыпам і метадам фіз.-геагр. раянавання, характарыстыцы тыпаў геагр. асяроддзя, гісторыі развіцця геагр. думкі. Дзярж. прэмія СССР 1947. Залаты медаль імя М.М.Пржавальскага (1928), Вял. залаты медаль Геагр. т-ва СССР (1965).

т. 5, с. 476

ГРЫГО́Р’ЕЎ Апалон Аляксандравіч

(каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),

рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.

т. 5, с. 476