ГРЫГО́НІС Генрых Юр’евіч

(20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.Міровіча), Мікола («Салавей» З.Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)