ВЯЛІКАДЗЯРЖА́ЎНЫ ШАВІНІ́ЗМ,
гл. ў арт. Шавінізм.
т. 4, с. 355
«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,
тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.
Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (1019 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц).
Літ.:
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
А.Я.Таўкачоў.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,1 км². Схілы катлавіны на Пн і У выш. 10—11 м, на З 4—5 м, на Пд да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўд. — тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шыр. да 10 м. Дно да глыб. 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Возера і прылеглая тэр. абвешчаны аднайм. гідралагічным заказнікам.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання унікальных вадаёмаў Бел. Паазер’я і месцаў росту палушніку азёрнага, занесенага ў Чырв. кнігу Беларусі. Пл. 168 га (1996). Размешчаны на тэр. Арлейскага лясніцтва, уключае азёры Гваздок, Вялікае Астравіта і прылеглую ч. водазаборнай плошчы, укрытую лесам. Заказнік знаходзіцца на ПнУ Полацкай нізіны. Рэльеф азёрна-ледавіковы. У раслінным покрыве пераважае хвоя, на Пд і ПдЗ трапляюцца ельнікі і бярэзнікі. Воз. Вялікае Астравіта з устойлівым гідралагічным балансам і высокімі якаснымі паказчыкамі гідрахім. складу вады; аб’ект маніторынгу.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАЎЛЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (злучана з возерам ручаём), за 10 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 300 м. Пл. вадазбору 20,8 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. У цэнтр. частцы востраў. Злучана ручаём з воз. Малое Астраўлянскае.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,
біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ БЕЛ́АЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,48 км², даўж. 2,65 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 10,2 м, даўж. берагавой лініі 7,5 км. Пл. вадазбору 3,2 км². Схілы катлавіны выш. 11—17 м, стромкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, на Пн сплавінныя. Дно да глыб. 5 м выслана пяском, да 6—7 м глеем, глыбей — сапрапелем. У паўн. ч. востраў пл. 0,1 га і пясчаная водмель глыб. 0,1 м. Расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана пратокай з воз. Гваздок.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Гайна, за 14 км на ПнУ ад г. Смалявічы. Пл. 1,6 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,2 м. Пл. вадазбору 13,6 км². Берагі забалочаныя, тарфяністыя. Зарастае. Выцякае ручай Граба.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, на паўн.-зах. ускраіне г. Глыбокае. Пл. 0,89 км², даўж. 2,15 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 5,7 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 40,1 км². Схілы катлавіны выш. 3—10 м, на ПнУ і У 10—16 м, пераважна разараныя, на ПнЗ пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Дно складаецца з паўн. (вялікага) і паўд. (малога) плёсаў, злучаных пралівам глыб. да 1,7 м. У паўн. плёсе востраў пл. 0,7 га. Расліннасцю занята 16% пл. возера, шыр. паласы 10—100 м. На ПдЗ і З упадаюць 2 ручаі і пратока з воз. Кагальнае, сцёк па пратоцы ў Падлужнае возера.
т. 4, с. 356
ВЯЛІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 12 км на ПдУ ад г. Рэчыца. Пл. 0,4 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 220 м. Берагі высокія, пясчаныя. Старычнае.
т. 4, с. 356