ВА́ГНЕР
(Wagner) Вільгельм Рыхард (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз. т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн. тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус. пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч. М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст. М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.
Л.А.Сівалобчык.
т. 3, с. 430