ВАГІ́Ф

(сапр. Мала-Панах; каля 1717, с. Салахлы, Казахскі р-н, Азербайджан — 1797),

азербайджанскі паэт і дзярж. дзеяч. Ведаў арабскую і персідскую мовы. Настаўнічаў. Як міністр (везір) замежных спраў карабахскага правіцеля праявіў выключныя здольнасці дыпламата; забіты новым правіцелем Карабаха, яго рукапісы знішчаны (адноўлены пазней па запісах і з вусных песень ашугаў). Узбагаціў азерб. л-ру фалькл. традыцыямі. Зацвердзіў у паэзіі ашугскую форму вершаскладання (гашма). Першы зборнік інтымнай, філас. і грамадзянскай паэзіі Вагіфа выдадзены ў 1856, найб. поўны збор яго твораў — у 1945 (рус. пер. 1949). Лірыка Вагіфа набліжана да рэальнага жыцця, жыццесцвярджальная, філасафічная. Мастацкае асэнсаванне жыцця паэта — у драм. паэме С.Вургуна «Вагіф» (1937).

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1988.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)